ISW: Шайгу прылятаў у Менск, каб аказаць ціск на Лукашэнку

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) мяркуе, што візіт 3 снежня ў Менск міністра абароны Расеі Сяргея Шайгу меў на мэце аказаць ціск кіраўніцтва рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Менск, Беларусь. 3 снежня 2022 года. Фота: БелТА

«Шайгу, верагодна, сустракаўся з Хрэніным і Лукашэнкам, спрабуючы аказаць ціск на Беларусь, каб яна і далей падтрымлівала наступальную кампанію Расеі ва Украіне», – гаворыцца ў справаздачы.

ISW раней ацэньваў, што Беларусь «наўрад ці ўступіць у вайну ва Украіне праз унутраныя фактары, якія стрымліваюць гатовасць Лукашэнкі зрабіць гэта».

Абноўлена

У Менск прыляцеў міністр абароны Расеі. Апошні раз ён быў у Беларусі напярэдадні расейскага ўварвання ва Украіну

2022.12.03 17:37

3 снежня ў Менск прыляцеў міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу. Ён правёў перамовы з беларускім калегам Віктарам Хрэніным, у часе якіх яны падпісалі пратакол аб унясенні зменаў у пагадненне між Беларуссю і Расеяй аб сумесным забеспячэнні рэгіянальнай бяспекі ў ваеннай галіне. Таксама ён сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам, які паабяцаў выканаць усе сумесныя дамовы і выпрацаваць разам з расейскімі вайскоўцамі «адзіную пазіцыю аб нашых далейшых дзеяннях, дзеяннях па абароне нашай тэрытарыяльнай цэласнасці».

Папярэдні візіт Шайгу ў Беларусь адбыўся 3 лютага, напярэдадні ўварвання Расеі ва Украіну, у тым ліку з беларускай тэрыторыі. Тады чыноўнік сустракаўся з Хрэніным, а таксама з Аляксандрам Лукашэнкам.

Вайсковы эксперт у каментары «Белсату» заўважыў, што Расея ў кантэксце вайны з Украінай зацікаўленая ў беларускай тэрыторыі. Адсюль можна запускаць ракеты, тут можна навучаць рэзервістаў і лячыць параненых вайскоўцаў.

«Калі і будзе выкарыстоўвацца тэрыторыя Беларусі, то гэта, магчыма, аэрадромы, раёны манеўравання і патрулявання ракетных комплексаў, можна выкарыстоўваць як тылавую зону для размяшчэння нейкіх матэрыяльных рэсурсаў, падрыхтоўкі расейскіх рэзервістаў на беларускіх палігонах, лячэнне расейскіх вайскоўцаў у Беларусі», – падсумаваў аналітык.

Ён запэўніў, што беларуская армія да непасрэднага ўдзелу ў вайне не гатовая.

Каментар

Вайсковы эксперт: «Шайгу прывёз пасланне ад Пуціна»

2022.12.03 21:26

Якуб Хруст belsat.eu

The post ISW: Шайгу прылятаў у Менск, каб аказаць ціск на Лукашэнку appeared first on belsat.eu.


#Беларусь