Эксперт пра расстрэльны артыкул: Здраду дзяржаве трэба чытаць, як здрада рэжыму

У Беларусі дэпутаты разглядаюць законапраект, які прадугледжвае смяротнае пакаранне за здраду дзяржаве. Закране гэты артыкул галоўным чынам вайскоўцаў і чыноўнікаў. Эксперты ж сцвярджаюць, што здраду дзяржаве трэба чытаць, як здрада рэжыму і ягонаму правадыру. «Белсат» высвятляў, што стала прычынаю для ўвядзення такой адказнасці ў заканадаўства краіны.

Аляксандр Лукашэнка. Фота: Пул першага

Дэпутаты палаты прадстаўнікоў у першым чытанні ўхвалілі законапраект, які прадугледжвае змены кодэксаў крымінальнай адказнасці. Змены пашыраюць смяротнае пакаранне за такія злачынствы, як здрада дзяржаве з боку дзяржслужбоўцаў, або вайскоўцаў. Прапаноўваюць дэпутаты таксама ўвесці пашырыць адказнасць да дыскрэдытацыю РБ, дыверсію, прапаганда тэрарызму.

Беларускія ўлады лічаць, што такія захады дапамогуць выяўляць і супрацьдзейнічаць «экстрэмізму» і тэрарызму. Беларускія аналітыкі лічаць, што насамрэч проста Аляксандр Лукашэнка не можа затармазіць з рэпрэсіямі.

«Калі рабіць рэтраспекцыю, то можна ўзгадаць часы, калі ён намагаўся быць папулістам, калі вёў перамовы з Захадам, а ў краіне была адліга. Але 2020 год адсек гэта ўсё як сякерай. Бо высветлілася, што неабходнага электаральнага падтрымання няма і Лукашэнка разгубіўся. Быў момант, калі ён сцвярджаў, што маўляў, пачакайце, я хутка сыду, пераседзеў ужо ва ўлады. Але даволі хутка ён пра гэта забыўся, бо пабачыў, што сілавікі, ці «красаўцы», як ён іх называе, праз гвалт дапамаглі яму ўтрымаць уладу. Ён пераканаўся, што гэты інструмент даволі добра працуе, таму можна яго пакласці ў аснову існавання рэжыму», – кажа ў размове з «Белсатам» Аляксандр Класкоўскі, палітычны аналітык праекту @pozirkonline.

Hавiны

У Беларусі могуць увесці смяротную кару за здраду дзяржаве – для чыноўнікаў і вайскоўцаў

2022.12.07 13:53

Эксперт дадае, што апошнія два гады пасля разгрому масавых пратэстаў прайшлі пад знакам умацавання гвалту ў краіне. А сёння мы бачым ягоны апафеоз гэтага гвалту. Але цяпер паралельна Лукашэнка застрашвае і сваіх так бы мовіць. Прычым, узяўся як за цывільных чыноўнікаў, так і за тых, хто з пагонамі.  Аляксандр Класкоўскі выказвае меркаванне, што ў Лукашэнкі цяпер няма даверу і спадзяванняў на тое, што гэтыя людзі будуць служыць рэжыму, правадыру, з нейкіх ідэйных перакананняў, хоць ён і любіць разважаць пра ідэйнасць, пра ідэалогію.

Таксама кіраўнік краіне адчувае, што не дадалося любові народнай, бо ад дручкоў яе ніколі не можа дадацца. Да таго ж, звяртае ўвагу палітычны аналітык, эканоміка працягвае падаць, а на гэтай глебе таксама можа расці незадавальненне. Не самыя спрыяльныя для Лукашэнкі і вонкавыя чыннікі. Тут і Масква цісне з сваім патрабаваннем уступіць у вайну. Ды і сам сюжэт вайны вельмі неспрыяльны ў тым ліку і для рэжыму Лукашэнкі, кажа Аляксандр Класкоўскі.

«Таму ён прэвентыўна, я думаю, бо без ягонай адмашкі наўрад ці пачалі б так вось раптам знянацку прасоўваць гэты законапраект. Я думаю, што ён прэвентыўна рыхтуецца да нейкіх цяжкіх для сябе часоў і хоча застрашыць вертыкаль, службоўцаў, вайсковых, каб яны не задумалі здрадзіць», – кажа субяседнік «Белсату».

Лукашэнка сапраўды даволі часта кажа пра здраду. Яшчэ падчас пратэстаў у 2020 годзе і пазней ён дакараў чыноўнікаў, што нібыта памятае, як яны падчас акцыяў хаваліся пад плінтус, і заклікаў іх не здраджваць яму. Гэты страх здрады працягвае ў ім жыць і цяпер, кажа Аляксандр Класкоўскі.

«Таму ажно да расстрэлу ўводзяць пакаранне за здраду дзяржаве, але трэба між радкоў чытаць здраду рэжыму і ягонаму правадыру», – падкрэслівае аналітык.

На плошчы Незалежнасці ў Менску прайшоў мітынг на знак падтрымання дзейнага кіраўніка краіны. За некалькі гадзінаў да пачатку ў раёне Дому ўраду зʼявіліся міліцыянты і спецтэхніка. На здымку — Аляксандр Лукашэнка выступае перад народам. 16 жніўня 2020 года. Менск, Беларусь. Фота: Беласт

Іншае пытанне таксама і ў тым, чаму менавіта цяпер Лукашэнка раптоўна пачаў хвалявацца пра здраду і магчымыя пратэсты? На думку Аляксандра Класкоўкага, тут шэраг чыннікаў, сярод якіх мажлівая і нейкія імпульсіўнасць самога Лукашэнкі. Але жорсткія новаўвядзенні ўводзяць у краіне як раз у момант, калі з’явіліся канспіралагічныя паведамленні ў справе таго, што Масква мае намер прыбраць Лукашэнку і на чале Беларусі паставіць нейкую сваю марыянетку, каб уцягнуць краіну ў вайну напоўніцу.

«Мне падаецца, што гэтая канспіралогія непераканаўчая. Але ж сам Лукашэнка – чалавек з канспіралагічным мысленнем. Ён ведае норавы Крамля, такія Візантыйскія. Памятае пра спробы замаху на Навальнага, Скрыпалёў. Таму тое, што Крэмль можа пайсці на такое, што можа перакупіць некаторых беларускіх чыноўнікаў, Лукашэнка пра гэта ведае і дапускае, таму новы закон з’яўляецца такім папярэджаннем. Маўляў, не задумайце здрадзіць, перабегчы на бок Крамля і рыхтаваць змову», – кажа аналітык.

Аб’ектыў

Смяротная кара можа пагражаць чыноўнікам і вайскоўцам за «здраду дзяржаве»

2022.12.07 21:46

Зрэшты, не толькі Масква можа ўплываць на пастановы і рашэнні Лукашэнкі. Даволі часта ён узгадвае таксама і пра апазіцыю. Рэжым у Беларусі разглядае верагоднасць сілавога сцэнару змены ўлады ў краіне. З трывогай чыноўнікі ўзгадваюць пра Полк Каліноўскага, пра план «Перамога». Тым больш у інфармацыйна прасторы распаўсюджваюцца звароты Валерыя Сахашчыка, які адказвае за абарону і бяспеку ў Аб’яднаным пераходным кабінеце, да сакратара Рады бяспекі Аляксандра Вальфовіча, сцвярджае, што палітык кантактуе ў Беларусі з вайскоўцамі.

«Я думаю, што такі законапраект – папярэджанне асобам у пагонах, каб яны не пачалі наводзіць масты на выпадак змены сітуацыі, рэжыму. Акрамя гэтага, тое, што вайскоўцы патрапляюць пад патэнцыйна расстрэльны артыкул, я думаю, што такім падсцілаецца саломка на той выпадак, калі беларускія войскі Лукашэнку давядзецца накіраваць ва Украіну, бо, як вядома, сацыялогія паказвае, што беларусы не жадаюць прымаць удзел у вайне. Такую ж пазіцыю займаюць і вайскоўцы. Сацыялогія паказвае, што беларусы ўхвалілі б пераход на бок Украіны, або здачу зброі. Таму Лукашэнка разумее такія настроі імкнецца папярэдзіць сітуацыю, каб не было дэзерцірства, масавай здачы ў палон», – кажа Аляксандр Класкоўскі.

Такім чынам улады Беларусі імкнуцца данесці да вайскоўцаў, што ім пагражае расстрэл за здачу ў палон. Хаця, як звяртае ўвагу палітычны аналітык, з юрыдычнага гледжання здача ў палон і здрада дзяржаве – зусім розныя рэчы, але ж, вядома, у Беларусі, паводле словаў таго ж Лукашэнкі, «часам не да законаў».

Студыя «Белсат»

Сахашчык звярнуўся да Вальфовіча. Ва Украіне ствараюць падраздзяленне для беларусаў. Вечаровы эфір за 2 снежня

2022.12.02 21:13

Мікалай Каткоў belsat.eu

The post Эксперт пра расстрэльны артыкул: Здраду дзяржаве трэба чытаць, як здрада рэжыму appeared first on belsat.eu.

#Беларусь