Час быць разам?

Павел Лібер запусціў «Новую Беларусь». Не адзін, вядома, працавала цэлая каманда, і сама «Новая Беларусь» уяўляе сабой платформу, здольную аб’яднаць сэрвісы «пра беларусаў» і «для беларусаў» у адным дадатку. Без незалежных каманд, якія займаюцца асобнымі праектамі, яна, безумоўна, не існуе. Гэта прадукт калектыўных намаганняў. Ці патрэбная такая платформа сёння?

Новая Беларусь – гэта лічбавая версія дэмакратычнай Беларусі ў смартфоне. Крыніца: newbelarus.com

Знаходзячыся ў эміграцыі, у Варшаве, Вільні ці ў нейкай іншай кропцы свету, беларус адчувае патрэбу ў захаванні нацыянальнага кода. Праз захаванне культурнай прасторы, а таксама праз наяўнасць простых і зручных сэрвісаў – навіны, падзеі, праца (бізнес), адукацыя, медыцына і гэтак далей. Усё, што і складае тую самую нармальную штодзённую жыццё.

І вось, такі функцыянал рэалізаваны. Ужо знаёмыя сэрвісы медычных кансультацый, «баймапка» (карта беларускага бізнесу), юрыдычны сэрвіс плюс пошук працы, спіс культурных падзеяў, канцэртаў, выставаў, прэзентацый, сартаваныя па гарадах і краінах. Усё ёсць, ужо функцыянуе, але чакае, вядома, дапаўненні і развіцця, напаўнення. Пакуль што гэта бэта-версія.

Чаго ў ёй пакуль няма?

Фінансавага сэрвісу. Магчымасці атрымліваць і захоўваць грошы, бяспечна расплачвацца за аказаныя паслугі, данаціць. Гэтая функцыя заяўленая, але пакуль не рэалізаваная. І яшчэ інструментаў лічбавай дэмакратыі. А вось тут цікавей.

Раней рэформа Каардынацыйнай Рады была прывязаная да магчымасці правесці прамое галасаванне беларусаў за… за, уласна, што? «Голас», рэалізаваны Паўлам Ліберам ў 2020 годзе, адказваў на просты запыт. Грамадзяне загадзя не давяралі Ярмошынай і яе цыркавому шоў, вельмі хацелі ведаць рэальныя вынікі выбараў. А сёння навошта беларусам галасаваць за КС? Як ён ўплывае на іх жыццё? І таму стваральнікі платформы пазіцыянавалі сябе сумленна: «Мы можам запэўніць бяспеку і падлік галасоў, але стварыць сэнс такога галасавання – за межамі нашых магчымасцяў».

Hавiны

Навошта ісці ў Каардынацыйную раду? Спыталі, што яна дасць дэлегатам і астатнім беларусам

2022.10.28 13:50

Наша лічбавая дэмакратыя – усё ў той жа кропцы. Тэхнічная магчымасць ёсць. Але каб яна была рэалізаваная, павінны папрацаваць не інжынеры і праграмісты, а палітыкі.

Хоць магчымы і адваротны рух, калі сэрвісы будуць сапраўды добрыя, а імкненне беларусаў «быць разам» сапраўды будзе ўсвядомленым, моцным, то яно цалкам натуральным чынам спародзіць і запыт на палітычнае прадстаўніцтва ўласных інтарэсаў. Праўда, вельмі можа так здарыцца, што прадстаўляць «Новую Беларусь» у гэтым выпадку будуць ужо іншыя палітыкі.
Гэта справа будучыні. Наколькі далёкага? Залежыць ад саміх беларусаў. Тэхнічныя сродкі будуць, у гэтым можна быць абсалютна ўпэўненым.

І яшчэ адно пытанне – ці ёсць у гэтай платформе, «Новай Беларусі» карысць для тых мільёнаў беларусаў, якія сёння ўнутры Беларусі?

Небяспечнае пытанне. Так, аўтары прадугледзелі максімальна магчымыя механізмы бяспекі, прапануюць не ўсталёўваць прыкладанне, а карыстацца браузернай версіяй, але, паклаўшы руку на сэрца, беларусы ў Беларусі сёння ў зусім іншай сітуацыі, у іх няма настальгіі па культуры, па супольнасці, у іх іншы запыт. І калі не народзіцца нейкай відавочнай карысці (па аналогіі з «Голасам»), цяжка сабе ўявіць масавае выкарыстанне «Новай Беларусі» ўнутры «Старой».

Хоць калі сённяшняя ўлада ў Беларусі працягне разбураць прастору з такім жа азартам, як у апошнія два гады, то запыт на альтэрнатыву можа і падрасці.

Hавiны

Новая Беларусь: беларусам прапануюць стварыць свабодную дзяржаву ў смартфоне

2022.12.02 21:04

У канчатковай кропцы разважанняў аб «Новай Беларусі» паўстае пытанне, якое не мае ніякага дачынення да тэхналогіях – ці патрэбныя мы адзін аднаму? Ці ёсць нешта, што нас абʼядноўвае за межамі палітычных кампаній? Ці здольныя беларусы стварыць уласную пазапрасторавую культурную супольнасць?

Выехала ніяк не менш за 200 тысяч чалавек. І гэты працэс працягваецца. Мы, новапрыбылыя, – краіна памерам з Ісландыю (не Манака або Сан-Марына). Я бачу шмат інтэлігентных, культурных, адукаваных людзей, але мала веры ў сябе і рэальных вынікаў.

А платформа, прыкладанне – вельмі сімпатычнае. Спадзяюся, яго чакае вялікая будучыня. З такой назвай і не можа быць інакш, праўда?

The post Час быць разам? appeared first on belsat.eu.


#Беларусь