Грамадскае абмеркаванне будоўлі ў Менску хуткаснай чыгункі працягнецца да 15 снежня. Яго праводзіць адміністрацыя Першамайскага раёну сталіцы. Пакуль што свае асцярогі выказалі эколагі.
Грамадскае абмеркаванне праекту да 15 снежня праводзіць адміністрацыя Першамайскага раёну Менску. Хуткасная чыгунка мае звязаць сталіцу з індустрыяльным паркам «Вялікі камень» і Нацыянальным аэрапортам. Праект прадугледжвае, што пройдзе яна праз тэрыторыі Першамайскага, Партызанскага і Кастрычніцкага раёнаў. Замоўцам выступае дзяржаўнае абʼяднанне «Беларуская чыгунка».
Узяць удзел у грамадскім абмеркаванні можа любы ахвотны. Пакуль што свае заўвагі аб уздзеянні праекту на навакольнае асяроддзе выказала экалагічная арганізацыя «Экадом».
Эколагі звяртаюць увагу на тое, што ў дакументацыі няма разліку шумавога ўздзеяння ад абʼекту на навакольнае асяроддзе.
«А гэта, на хвілінку, чыгунка, якая ідзе праз горад, па якой будуць хадзіць цягнікі. Гэта шмат шуму», – перасцерагаюць эксперты.
Апроч таго, няма справаздачы або звестак пра тое, якія віды дзікай жывёлы насяляюць абшар праектавання абʼекту.
«Атрымліваецца, што або кампетэнтныя спецыялісты не вывучалі, ці ёсць у месцы забудовы «чырванакніжнікі», або звесткі пра гэта чамусьці вырашылі не ўключаць у матэрыялы для грамадскіх абмеркаванняў», – падкрэсліваюць эколагі. «Экадом» паабяцаў даслаць свае заўвагі чыноўнікам.
Між тым, на старонцы абмеркавання паведамляецца, што праект прадугледжвае дзве чаргі будаўніцтва. Першая – будаўніцтва трэцяй галоўнай чыгуначнай каляіны з левага боку ўздоўж існых двух галоўных каляін агульнага карыстання Менск – Масква, ад станцыі «Сцяпянка» да Менскай кальцавой аўтадарогі і далей да мяжы з Менскім раёнам (аўтадарога Н-9067). Другой чаргой будзе пабудаваная новая электрыфікаваная аднакалейная чыгунка ў межах Кастрычніцкага раёну Менску – ад мяжы са Смалявіцкім раёнам уздоўж аўтамабільнай трасы М2 да пасажырскага тэрміналу Нацыянальнага аэрапорту (адцінак паміж паркоўкай і заканчэннем аўтамабільнай трасы М2).
«Альтэрнатыўным варыянтам арганізацыі пасажырскіх перавозаў чыгуначным транспартам у Нацыянальны аэрапорт «Менск» ёсць «нулявы варыянт» – адмова ад будаўніцтва абʼекту», – гаворыцца ў паведамленні адміністрацыі Першамайскага раёну.
Антон Тачняк belsat.eu
The post Хуткасную чыгунку з Менску ў аэрапорт збіраюцца будаваць праз горад. У эколагаў пытанні appeared first on belsat.eu.
#Беларусь
Comments
No comments yet. Be the first to react!