У сям’і юнага ратаўніка Ромы Кагадоўскага зноў згарэў дом. Расказваем падрабязнасці

У Мядзельскім раёне другі раз за два гады згарэў дом адной і той жа сям’і. Пасля мінулага пажару 12-гадовы Рома Кагадоўскі стаў славутасцю – выратаваў з полымя малодшага брата, сам атрымаўшы сур’ёзныя апёкі. Аб новым здарэнні паведаміла «Мінская праўда».

Так дом Ромы Кагадоўскага выглядаў у чэрвені 2022 года. Фота: «Мінская праўда» / mlyn.by

Стала вядома, што ў сямʼі з Мядзельскага раёну 3 снежня згарэў новы дом, які яны збудавалі пасля пажару 2021 года. Гаспадары толькі пачалі збіраць мэблю. Вось што расказала выданню маці Ромы Кагадоўскага Марыя Стадольнік:

«Здарылася гэта ў суботу ўвечары. Мы з мужам напярэдадні пажару былі там, наводзілі парадак у кухні. Частка мэблі была ўжо сабрана, тэхніку пакуль не ўстанаўлівалі. Напрацаваліся, стаміліся, а таму пайшлі да маці мужа, якая жыве непадалёк, каб адпачыць і папіць каву».

Спачатку выданне выказала свае версіі здарэння: «Што гэта? Рок, які пераследу сямʼю, сусед-піраман, пакінуты без увагі лекараў-псіхіятраў або зусім невытлумачальная чалавечая халатнасць і безадказнасць – пытанняў можна задаць шмат».

6 снежня некаторыя дэталі будаўніцтва і здарэння выданню паведаміў старшыня сельвыканкама аграгарадка Занарач Мядзельскага раёну Уладзімір Зелянкевіч. Паводле старшыні, надзел для будаўніцтва дому вылучаўся сямʼі ў 2021 годзе. Атрымлівалі яго пагарэльцы, якія ў той час яшчэ і стаялі ў чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў як шматдзетная сямʼя, на бязвыплатнай аснове. Участак выбіралі, улічваючы пажаданні сямʼі – побач з домам бацькоў Аляксея – мужа Марыі Стадольнік. Для рэалізацыі праекту скарысталіся крэдытнымі сродкамі, уклалі ў будоўлю і бацькоўскі капітал.

«Мы не ўмешваліся ў пытанні выбару падрадчыкаў. Сямʼя наймала індывідуалаў у галіне будаўніцтва, нешта рабілі на асабістых кантактах ці самі, зразумела, усё з мэтай патаннення», – паведаміў Зелянкевіч «Мінскай прайдзе».

Паведамляецца, што ў доме было прадугледжана электраацяпленне, аднак праект на электрыфікацыю абʼекта «зʼявіўся толькі ў кастрычніку бягучага года, пасля таго, як мантаж праводкі і абсталявання ўжо быў выкананы». Па словах забудоўшчыкаў, наймалі яны прыватных асобаў, з якім разлічваліся наяўнымі, без складання дамовы.

Уладзімір Зелянкевіч быў на месцы пажару пасля тэлефанавання з паста МНС 3 снежня. Калі ён прыбыў на месца, там ужо знаходзілася 4 пажарныя аўтамабілі і хуткая дапамога. «На жаль, будынак моцна пацярпеў, хоць і фасад, і дах уцалелі і аднаўленню абʼект падлягае», – паведаміў старшыня сельвыканкама.

Адзначаецца, што нягледзячы на высокі працэнт гатовасці жылога дому, у эксплуатацыю ён уведзены яшчэ не быў, а, значыць, і заключэнняў спецыялістаў, якія ажыццяўляюць прыёмку, не было, як і гарантый аб поўнай бяспецы абʼекта. Уводзіць яго збіраліся напярэдадні Новага году.

У сваю чаргу старшыня раённага Савету дэпутатаў Алег Бароўка паведаміў «Менскай праўдзе», што навіна аб новым пажары стала ўзрушэннем для тых, хто дапамагаў сямʼі вырашаць жыллёвую праблему.

«Для нас гэта сапраўднае ўзрушэнне. Бо дапамагалі вырашаць многія пытанні будаўніцтва, прыцягвалі арганізацыі, спонсараў. Так, напрыклад, устанавілі агароджу ўчастка, спланавалі тэрыторыю, высадзілі пладовыя дрэвы. Прыватны прадпрымальнік з Менскага раёна дапамог з набыццём дзіцячай мэблі, адно з мясцовых прадпрыемстваў адшукала сродкі на набыццё бытавой тэхнікі для кухні, з уцяпленнем фасада і яго аздабленнем дапамогу аказвалі прыватнікі з нашага раёну», – расказаў Бароўка.

Паведамляецца, што зараз давядзецца «ўносіць сурʼёзныя карэктывы ў планы і дапамагаць з аднаўленнем дома».

Рома Кагадоўскі 9 кастрычніка 2021 года пасля атрымання дзяржаўнай узнагароды за выратаванне малодшага брата на пажары. Фота: БелТА / belta.by

Нагадаем, што 29 красавіка 2021 года ў вёсцы Сідаравічы на Мядзельшчыне загарэўся дом. У ім на той момант знаходзіліся двое з траіх непаўналетніх дзяцей: 12-гадовы Раман і двухгадовы Ваня. Падлетак вынес з полымя малодшага брата. А сам атрымаў апёкі 50 % цела. Рому з Мядзела даставілі верталётам у Рэспубліканскі апёкавы цэнтр больніцы хуткай медычнай дапамогі ў Менску. Урачы правялі відэакансіліум з вядучымі спецыялістамі Расеі і выбралі варыянт лячэння, які найбольш падыходзіць для пацыента.

Пасля пажару Рома агулам перанёс 22 аперацыі, большасць з якіх па перасадцы скуры. 21 кастрычніка 2021 года хлопчык быў узнагароджаны ордэнам «За асабістую мужнасць». 19 лістапада хлопчык быў залічаны ў сёмы клас ліцэю Міністэрства унутраных спраў.

Антон Тачняк belsat.eu

The post У сям’і юнага ратаўніка Ромы Кагадоўскага зноў згарэў дом. Расказваем падрабязнасці appeared first on belsat.eu.


#Беларусь