У Мядзельскім раёне другі раз за два гады згарэў дом адной і той жа сям’і. Пасля мінулага пажару 12-гадовы Рома Кагадоўскі стаўся славутасцю – уратаваў з полымя малодшага брата, а сам атрымаў сур’ёзныя апёкі. Пра новае здарэнне паведаміла «Мінская праўда».
Стала вядома, што ў сямʼі з Мядзельскага раёну 3 снежня згарэў новы дом, які яны збудавалі пасля пажару 2021 года. Гаспадары толькі пачалі збіраць мэблю. Вось што расказала выданню Марыя Стадольнік, маці Ромы Кагадоўскага:
«Здарылася гэта ў суботу ўвечары. Мы з мужам напярэдадні пажару былі там, наводзілі парадак у кухні. Частка мэблі была ўжо сабраная, тэхніку пакуль не ўстанаўлівалі. Напрацаваліся, стаміліся, а таму пайшлі да маці мужа, якая жыве непадалёк, каб адпачыць і папіць кавы».
Спачатку выданне выказала свае версіі здарэння: «Што гэта? Рок, які пераследуе сямʼю, сусед-піраман, пакінуты без увагі лекараў-псіхіятраў, або зусім невытлумачальная чалавечая халатнасць і безадказнасць – пытанняў можна задаць шмат».
6 снежня некаторыя дэталі будаўніцтва і здарэння выданню паведаміў старшыня сельскага выканаўчага камітэту Занарачы Мядзельскага раёну Уладзімір Зелянкевіч. Паводле старшыні, надзел для будоўлі дому вылучалі сямʼі ў 2021 годзе. Атрымлівалі яго пагарэльцы, якія ў той час яшчэ і стаялі ў чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў як шматдзетная сямʼя, на бязвыплатнай аснове. Участак выбіралі, улічваючы пажаданні сямʼі: побач з домам бацькоў Аляксея – мужа Марыі Стадольнік. Для рэалізацыі праекту скарысталіся крэдытнымі сродкамі, уклалі ў будоўлю і бацькоўскі капітал.
«Мы не ўмешваліся ў пытанні выбару падрадчыкаў. Сямʼя наймала індывідуалаў у галіне будаўніцтва, нешта рабілі на асабістых кантактах ці самі, зразумела, усё з мэтаю патаннення», – паведаміў Зелянкевіч «Мінскай прайдзе».
У доме было прадугледжанае электраацяпленне, аднак праект на электрыфікацыю «зʼявіўся толькі ў кастрычніку гэтага года, пасля таго як мантаж праводкі і абсталявання ўжо быў выкананы». Паводле забудоўнікаў, наймалі яны прыватных асобаў, з якімі разлічваліся гатоўкаю, без складання дамовы.
Уладзімір Зелянкевіч быў на месцы пажару пасля тэлефанавання з паста МНС 3 снежня. Калі ён прыбыў на месца, там ужо былі 4 пажарныя аўтамабілі і хуткая дапамога: «На жаль, будынак моцна пацярпеў, хоць і фасад, і дах уцалелі ды аднаўленню абʼект падлягае».
Не зважаючы на высокі адсотак гатовасці жылога дому, у эксплуатацыю ён уведзены яшчэ не быў, а значыць, і заключэнняў спецыялістаў, якія ажыццяўляюць прыём, не было, як і гарантыяў пра поўную бяспеку абʼекту. Уводзіць яго збіраліся напярэдадні новага года.
У сваю чаргу старшыня раённага Савету дэпутатаў Алег Бароўка паведаміў «Мінскай праўдзе», што навіна пра новы пажар узрушыла тых, хто дапамагаў сямʼі развязаць жыллёвую праблему:
«Для нас гэта сапраўднае ўзрушэнне. Бо дапамагалі развязаць шмат якія пытанні будаўніцтва, прыцягвалі арганізацыі, спонсараў. Напрыклад, устанавілі агароджу ўчастку, спланавалі тэрыторыю, высадзілі пладовыя дрэвы. Прыватны прадпрымальнік з Менскага раёну дапамог набыць дзіцячую мэблю, адно з мясцовых прадпрыемстваў адшукала сродкі на набыццё побытавай тэхнікі для кухні, з уцяпленнем фасаду і яго аздабленнем дапамагалі прыватнікі з нашага раёну».
Цяпер давядзецца «сурʼёзна карэктаваць планы і дапамагаць з аднаўленнем дому».
Нагадаем, што 29 красавіка 2021 года ў вёсцы Сідаравічы на Мядзельшчыне загарэўся дом. У ім на той момант былі двое няпоўнагадовых дзяцей: 12-гадовы Раман і 2-гадовы Ваня. Падлетак вынес з полымя малодшага брата. А сам атрымаў апёкі 50 % цела. Рому з Мядзелу даставілі верталётам у Рэспубліканскі апёкавы цэнтр больніцы хуткай медычнай дапамогі ў Менску. Дактары правялі відэакансіліум з асноўнымі спецыялістамі Расеі і выбралі варыянт лекавання, які найбольш пасуе пацыенту.
Пасля пажару Рома агулам перанёс 22 аперацыі, большасць з якіх – для трансплантацыі скуры. 21 кастрычніка 2021 года хлопчыка ўзнагародзілі ордэнам «За асабістую мужнасць». 19 лістапада таго ж года хлопчыка залічылі ў сёмы клас ліцэю Міністэрства ўнутраных справаў.
Антон Тачняк belsat.eu
The post У сям’і ратаўніка Ромы Кагадоўскага зноў згарэў дом. Расказваем падрабязнасці appeared first on belsat.eu.
#Беларусь
Comments
No comments yet. Be the first to react!