У Літве заяўляюць аб тысячы спроб абысці санкцыі, уведзеныя супраць Расеі і Беларусі

У Літве робяцца тысячы спроб абысці санкцыі, уведзеныя супраць Расеі і Беларусі, бо бізнесы з усёй Еўропы спрабуюць прадаваць падсанкцыйную прадукцыю праз Літву, паведамляе партал «Delfi». У сувязі з гэтым літоўская мытня робіць больш строгімі праверкі грузаў.

Репортаж с польско-белорусской границы, пограничный контроль, проверка, грузовик, пограничный пункт Бобровники на границе с Польшей, транспортный контроль, дальнобойщики, большегрузы
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: ЮШ / Белсат

Так, з ліпеня літоўская мытня спыніла больш за 10 тысяч грузаў, калі адпраўніком або атрымальнікам была Расея, і 3 100 грузаў – Беларусь.

«Спрабуюць правезці забароненыя тавары, у тым ліку металы і іншыя», – сказаў Дарус Жвіронас, генеральны дырэктар Дэпартаменту мытні Літвы.

Таксама зазначаецца, што з увядзеннем санкцый рэзка павялічыўся паток тавараў з краін-саюзнікаў Расеі: Казахстану, Узбекістану, Туркменістану і Кыргызстану. За 10 месяцаў з Літвы ў гэтыя краіны было ўвезена больш як у два разы больш тавараў, чым летась, а з Цэнтральнай Азіі ў Літву было ўвезена амаль удвая больш, чым летась.

Дарус Жвіронас называе такую бізнес-схему нелагічнай: «І гэты тавар сапраўды вязуць аднекуль бліжэй: з Расеі ці Беларусі. Часам у дакументах указваецца, што грузавік з Узбекістана прыбывае праз два дні, або што нібыта малакаштоўны груз вязуць з Цэнтральнай Азіі. Паліўныя гранулы, кошт якіх не вельмі высокі, – сумнеўна, што праз магчымы прыбытак у некалькі сотняў еўра транспартны сродак паедзе з краін Цэнтральнай Азіі ў Літву».

Спробы абысці санкцыі накіраваны і ў адваротны бок: адбываецца экспарт заходніх тавараў з Літвы ў нібы краіны Цэнтральнай Азіі, хоць ёсць падазрэнні, што рэальным атрымальнікам будзе Расея.

«Мы бачым павелічэнне гандлёвых плыняў праз такія краіны, як Казахстан. Аднак даказаць, што тавары ідуць у Расею праз Казахстан, няпроста», – заявіла ў сваю чаргу міністарка фінансаў Гінтарэ Скайсце.

Аднак адзначаецца, што плынь тавараў з Еўропы ў Расею больш выгадная, бо Расея цяпер мае вострую патрэбу ў розным прамысловым абсталяванні, асабліва калі яго яшчэ можна выкарыстоўваць у ваеннай прамысловасці. «Таму перад мытняй будзе пастаўлена задача знайсці пэўныя законныя спосабы прадухілення такой спробы абысці санкцыі», – сказала Скайсце.

На гэтым тыдні Рада Еўрапейскага звязу вырашыла, што ўсе краіны ЕЗ павінны пашырыць свае крымінальныя кодэксы і ўвесці крымінальную адказнасць за ўхіленне ад санкцый. Літва ж прапануе ўсім краінам ЕЗ стандартаваць праверкі грузаў. Таксама яна прапануе ўжыць да Беларусі тыя ж санкцыі, што і да Расеі.

Hавiны

Цяпер афіцыйна: Еўразвяз з 5 снежня ўводзіць цэнавую столь на расейскую нафту

2022.12.04 11:12

Алена Рувіна belsat.eu

The post У Літве заяўляюць аб тысячы спроб абысці санкцыі, уведзеныя супраць Расеі і Беларусі appeared first on belsat.eu.


#Беларусь