З пастамента Катынскага крыжа на Вайсковых могілках у Горадні невядомыя сарвалі таблічкі з надпісамі на польскай і беларускай мовах, паведаміў у Facebook віцэ-старшыня Саюзу палякаў Беларусі Марэк Занеўскі.
Актывіст польскай меншасці падкрэсліў, што Катынскі крыж зʼяўляецца сімвалічным месцам для жыхароў Горадні і Гарадзенскай вобласці.
«На жаль, барацьба з польскасцю ў Беларусі працягваецца. Нацыянальная меншасць, месцы памяці, магілы воінаў, школьніцтва і адукацыя. Усё, што сёння польскае, беларускія ўлады лічаць варожым элементам», – заявіў у Facebook Марэк Занеўскі.
Гарадзенскі Катынскі Крыж знаходзіцца на Вайсковых могілках. Польская меншасць з Гарадзеншчыны гадамі ўшаноўвала тут польскіх жаўнераў, якія загінулі ў барацьбе з Чырвонай Арміяй, і ахвяраў Катынскага расстрэлу. У гэтых урачыстасцях бралі ўдзел таксама польскія дыпламаты.
Гэта не першы акт вандалізму рэжыму Аляксандра Лукашэнкі супраць польскай меншасці на Гарадзеншчыне. Раней былі знішчаныя могілкі жаўнераў Арміі Краёвай, якія, паводле адміністрацыі, афіцыйна не мелі статусу могілак і мемарыяльных месцаў. Паведамлялася таксама, што былі апаганеныя, у тым ліку, магілы польскіх вайскоўцаў у Сурконтах, Ваўкавыску, Качычах, Мікулішках. Нявызначаны і лёс вайсковых могілак у Лідзе.
Па стану на сярэдзіну кастрычніка, у Беларусі было знішчана ці апаганена 13 месцаў памяці палякаў. Пра гэта 29 кастрычніка паведаміла намесніца дырэктара Усходняга дэпартаменту МЗС Польшчы Ганна Кастшэва-Мішталь.
Антон Тачняк/ pj/belsat.eu
The post У Горадні пашкоджаны Катынскі крыж на Вайсковых могілках appeared first on belsat.eu.
#Беларусь
Comments
No comments yet. Be the first to react!