Турма за дапамогу іншым вязням, ізалятар за фота ў вышыванках. Хроніка рэпрэсіяў за 7 снеж…

«Белсат» працягвае адсочваць факты рэпрэсіяў беларускага народу рэжымам Лукашэнкі і звязаныя з гэтым працэсы і падзеі.

Палітвязня Юрыя Касцюка, які ўжо адседзеў адзін тэрмін, зноў будуць судзіць. Вінавацяць у падтрымцы іншых вязняў. Раней яго таемна экстрадавалі з Расеі. Телеграм-канал «Вясна/ Правы чалавека ў Беларусі» паведаміў 7 снежня, што крымінальную справу ў дачыненні да палітвязня Юрыя Касцюка накіравалі ў суд. Яму інкрымінаваны арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Аляксандр Лойка, муж зняволенай журналісткі TVP Ірыны Слаўнікавай, звярнуўся ў лісце да Офісу Святланы Ціханоўскай з просьбай распачаць перамовы з рэжымам дзеля вызвалення палітвязняў. Пакуль на ягоны зварот ніхто не адказаў. Лойка у размове з «Белсатам» выказаў меркаванне, што дзеянні дэмакратычных сілаў за два гады не наблізілі Беларусь да развязання праблемы палітвязняў.

Палата прадстаўнікоў НС РБ прыняла ў першым чытанні законапраект, які прадугледжвае змены кодэксаў крымінальнай адказнасці. З дакументу вынікае, што за здраду дзяржаве можа быць ужытае смяротнае пакаранне. Праваабаронца Андрэй Палуда заўважыў, што субʼектамі гэтых зменаў з’яўляюцца дзяржаўныя служачыя і грамадзяне са статусам вайсковага служачага. «Гэта сведчанне таго, што «гайкі закручваюцца» у адносінах «людзей государевых», як вельмі часта любяць сябе называць беларускія чыноўнікі і сілавікі».

Экстранная шпіталізацыя з прабадной язвай і перытанітам сталі вынікам непрапарцыйна жорсткага ўтрымання Марыі Калеснікавай у штрафным ізалятары. У ШІЗА было вельмі зімна, Маша практычна не спала. Каб сагрэцца, яна ўвесь час хадзіла, зрабіла рэкордныя 15 тысяч крокаў па маленькай камеры за адзін дзень. Цягам некалькіх дзён перад шпіталізацыяй Марыя губляла прытомнасць у ШІЗА, у яе быў падвышаны ціск і млоснасць. Палітзняволеная страціла прытомнасць у душы, падрапаўшы падчас падзення ногі.

Увечары 6 снежня ў Гомлі затрымана былая журналістка Ларыса Шчыракова. Пры гэтым сына Шчыраковай Святалсава забралі ў «сацыяльна-педагагічны цэнтр».  Да 2021 года Ларыса супрацоўнічала з шэрагам незалежных выданняў, раней узначальвала краязнаўчую арганізацыю «Талака», якую ўлады зліквідавалі. Апошнім часам Ларыса Шчыракова фатаграфавала людзей у народных беларускіх строях.

На пачатку снежня журналіста і палітвязня Дзмітрыя Семчанку перавялі са следчага ізалятару на Валадарскага ў жодзінскую турму № 8. Сёння за кратамі ў Беларусі застаюцца 32 прадстаўнікі медыяў, затрыманыя і асуджаныя ўладамі за сваю прафесійную дзейнасць.

Тэлеграм-канал Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі трапіў у спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Рашэнне прыняў 1 снежня 2022 года суд Цэнтральнага раёну Менску. У той жа дзень суд Цэнтральнага раёну прызнаў «экстрэмісцкімі» тэлеграм-канал і чат «Движение Большинства» і YouTube-канал «Беларусский расследовательский центр». Суд Лёзненскага раёну ў Віцебскай вобласці пастанавіў таксама 1 снежня ўнесці ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» старонку Віктара Лагадзюка ў сацыяльнай сетцы «Одноклассники».

Антон Тачняк belsat.eu

The post Турма за дапамогу іншым вязням, ізалятар за фота ў вышыванках. Хроніка рэпрэсіяў за 7 снежня appeared first on belsat.eu.

#Беларусь