Расейскі тэлеканал «Дождь» пазбаўляецца ліцэнзіі на трансляцыю ў Латвіі

Нацыянальная рада электронных СМІ (NEPLP) у Латвіі пастанавіла ануляваць ліцэнзію на трансляцыю тэлеканалу «Дождь». Пра гэта паведаміў кіраўнік рады Іварс Абалыньш на старонцы ў Twitter.

У аўторак 6 снежня кіраўнік NEPLP Іварс Абалыньш паведаміў, што Нацыянальная рада электронных СМІ Латвіі пастанавіла ануляваць ліцэнзію на трансляцыю тэлеканалу «Дождь» «у сувязі з пагрозай нацыянальнай бяспецы і грамадскаму парадку». Расейскі тэлеканал спыніць трансляцыю ў Латвіі 8 снежня.

Latvijas likumi ir jāciena katram pic.twitter.com/YgiVJ0wRKY

— Ivars Āboliņš (@Ivars_Abolins) December 6, 2022

У  інтэрв’ю агенцтву LETA Абалыньш патлумачыў, што пастанова была прынятая пасля ацэнкі комплексу парушэнняў, дапушчаных тэлеканалам за апошні час: адсутнасць гукавой дарожкі на дзяржаўнай мове для трансляцыяў, пазначэнне Крыму на карце як часткі тэрыторыі Расеі, называнне расейскай арміі «нашай арміяй», магчымае падтрыманне расейскай арміі. Таксама была ацэненая інфармацыя, атрыманая ад Службы дзяржаўнай бяспекі, змест якой Абалыньш не раскрывае.

«Нацыянальная рада электронных СМІ ацаніла сукупнасць парушэнняў і перакананая, што кіраўніцтва «Дождя» не разумее і не ўсведамляе значнасці і сур’ёзнасці парушэнняў, таму не можа дзеяць на тэрыторыі Латвіі», – сказаў кіраўнік NEPLP.

З 8 снежня «Дождь» мусіць спыніць трансляцыю на тэрыторыі Латвіі. З увагі на тое, што тэлеканал транслюецца не толькі на тэлебачанні, але і на платформе YouTube, NEPLP будзе прасіць паставіць геаблакаванне каналу «Дождь» на гэтай платформе, каб кантэнт быў недаступны ў Латвіі. У Расеі яны могуць свабодна транслявацца ў інтэрнэце.

«Гэтая пастанова паказвае, што Латвія – прававая і дэмакратычная краіна, адкрытая для СМІ, таму што Латвія дапусціла ў краіну вялікую колькасць звязаных з Расеяй СМІ, якія могуць тут свабодна працаваць. Толькі «Дождь», які парушыў закон і не выконваў закону, быў пакараны», – дадаў Абалыньш.

Hавiны

Міністр абароны Латвіі прапанаваў забраць дазвол на вяшчанне ў тэлеканала «Дождь»

2022.12.02 20:45

Нагадаем, 1 снежня ў эфіры тэлеканалу «Дождь» вядоўца навінаў Аляксей Карасцялёў завіў, што канал працягне распавядаць пра мабілізацыю вайскоўцаў на вайну супраць Украіны. Пры гэтым журналіст дадаў, што такім чынам «многім мабілізаваным мы дапамаглі, у тым ліку, забеспячэннем і элементарнымі выгодамі на фронце». На гэтыя словы адрэагавалі ўлады Латвіі. Рэгулятар краіны аштрафаваў тэлеканал на 10 тыс. еўраў. Кіраўніцтва тэлеканалу заявіла, што насамрэч словы вядоўцы не дакладна зразумелі. Але гэтага працаўніка адразу ж звольнілі. Міністр абароны Латвіі Артыс Пабрыкс заявіў тады, што ў расейскага тэлеканалу трэба забраць ліцэнзію.

Гісторыя трансляцыі тэлеканалу «Дождь» з Латвіі

Да папярэджання за словы падтрымання на адрас расейскіх войскаў «Дождь» у Латвіі меў два папярэджанні. Першае тэлеканал атрымаў за тое, што ў эфіры выклаў карту Украіны без Крыму.

Незалежны расейскі тэлеканал «Дождь» вечарам 18 ліпеня запусціў у інтэрнэце першы эфір пасля перапынку ў трансляцыі больш як чатыры месяцы. Тэлеканал прыпыніў трансляцыю 3 сакавіка: пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне ў Расеі заблакавалі рэсурсы каналу, а некаторыя працаўнікі мусілі з’ехаць з краіны праз пагрозы.

У чэрвені стала вядома, што «Дождь» атрымаў ліцэнзію на трансляцыю ў Латвіі, куды пераехалі журналісты шэрагу незалежных расейскіх выданняў. Выдачы ліцэнзіі незалежнаму расейскаму тэлеканалу папярэднічала пазбаўленне ліцэнзіі на трансляцыю дзяржаўных тэлеканалаў Расеі.

Hавiны

У Латвіі забароняць трансляцыю ўсіх расейскіх каналаў. Замест іх ліцэнзію выдадуць тэлеканалу «Дождь»

2022.06.06 16:53

Антон Тачняк belsat.eu

The post Расейскі тэлеканал «Дождь» пазбаўляецца ліцэнзіі на трансляцыю ў Латвіі appeared first on belsat.eu.


#Беларусь