Пасольствы і консульствы Украіны атрымліваюць скрываўленыя пакеты з вачыма жывёлінаў

За апошні тыдзень некалькі пасольстваў Украіны за мяжой атрымалі пасылкі з пагрозамі. Цяпер украінскі бок супрацоўнічае з праваахоўнікамі ў расследаванні ўсіх выпадкаў тэрору, паведамляе прэс-сакратар МЗС Украіны Алег Ніколенка.

Пасылка з узрыўчаткай, якая была адрасавана ўкраінскаму пасольству ў Іспаніі. Фота пасольства

«Пасля тэракту ў Іспаніі ў пасольствы ў Венгрыі, Нідэрландах, Польшчы, Харватыі, Італіі, генеральныя консульствы ў Неапалі і Кракаве, консульствы ў Брно паступілі акрываўленыя пакеты», – піша Алег Ніколенка.

Па словах прэс-сакратара МЗС, пасольствы атрымлівалі вочы жывёлінаў, а самі пакеты былі прасякнуты вадкасцю характэрнага колеру і мелі адпаведны пах. Акрамя гэтага, жыллё пасла ў Ватыкане падвергнулася акту вандалізму, а ў Казахстане атрымалі паведамленне аб мініраванні, якое не пацвердзілася.

«Амбасада ў ЗША атрымала ліст з ксеракопіяй крытычнага артыкула аб Украіне, але, як і большасць іншых канвертаў, гэты ліст сінхронна з іншымі паступіў з тэрыторыі адной еўрапейскай краіны», – адзначае Ніколенка.

Кіраўнік МЗС Дмытро Кулэба заявіў, што спроба запалохвання пасольстваў і консульстваў Украіны з’яўляецца звычайнай кампаніяй тэрору.

«Пажаданыя спробы спыніць нашу краіну на дыпламатычным фронце ніякім чынам не запалохаюць нашых дыпламатаў, якія і далей прадоўжаць эфектыўна працаваць», – сказаў Кулэба.

Па даручэнні Кулэбы ўсе ўкраінскія пасольствы і консульствы пераведзены ў рэжым узмоцненых мер бяспекі. Ніколенка таксама заклікаў замежныя ўрады гарантаваць максімальную абарону ўкраінскіх дыпламатычных устаноў у адпаведнасці з Венскай канвенцыяй аб дыпламатычных зносінах.

Спікер МЗС адзначыў, што дыпламаты і ў далейшым працуюць над умацаваннем абараназдольнасці Украіны і забеспячэннем украінцаў неабходным энергетычным абсталяваннем для праходжання зімы.

«Украінскі бок узаемадзейнічае з праваахоўнікамі замежных краін для расследавання ўсіх выпадкаў пагроз, устанаўлення датычных асоб і прыцягнення іх да адказнасці», – дадаў Ніколенка.

Нагадаем, 30 лістапада пасольства Украіны ў Мадрыдзе атрымала канверт, які пазней узарваўся ў руках каменданта. Чалавек атрымаў нязначныя раненні і быў шпіталізаваны.

Hавiны

Беларусь і Расею сабраліся пазбавіць права вета ў АБСЕ

2022.12.02 13:41

Алена Рувіна belsat.eu

The post Пасольствы і консульствы Украіны атрымліваюць скрываўленыя пакеты з вачыма жывёлінаў appeared first on belsat.eu.


#Беларусь