Памёр выбітны дзеяч беларускай дыяспары Вітаўт Кіпель

3 снежня памёр шматгадовы старшыня Беларускага інстытуту навукі і мастацтва (БІНіМ), доктар Вітаўт Кіпель. Яму было 95 гадоў. Пра гэта паведамляе «Наша Ніва».

Вітаўт Кіпель. Фота: zbsb.org

Вітаўт Кіпель нарадзіўся 30 мая 1927 года ў сям’і беларускага педагога Яўхіма і Марыі Кіпеляў. Пасля арышту бацькі ў 1933 годзе апынуўся ў Расеі ў высылцы, вярнуўся ў Менск толькі ў 1942 годзе. А ў 1944 годзе зноў сям’я была вымушаная была ехаць у выгнанне на Захад.

У 1953 годзе скончыў Лювенскі ўніверсітэт (Бельгія) са спецыяльнасцю геолага, у 1955 годзе атрымаў ступень доктара мінералогіі. Быў заступнікам старшыні Саюзу беларусаў Бельгіі.

У 1955 годзе пераехаў у ЗША. Працаваў у навукова-вытворчых фірмах, у Балтымарскім універсітэце, Даследчым цэнтры навукі і тэхналогіі Нью-Ёркскай публічнай бібліятэкі, сабраў калекцыю беларускіх выданняў. Таксама выкладаў у беларускай школе ў Брукліне і супрацоўнічаў з радыё «Свабода».

У 1972–1982 гадах – старшыня Федэрацыі беларускіх рэспубліканскіх клубаў, актыўна ўдзельнічаў у жыцці Рэспубліканскай партыі ў Нью-Джэрзі. Быў абраны на заступніка старшыні Нацыянальнай канфедэрацыі амерыканскіх этнічных групаў і ўзнагароджаны медалём Паняволеных народаў Эйзенхаўэра.

У 1972 годзе на Каляды Вітаўт Кіпель сустрэўся з прэзідэнтам Рычардам Ніксанам і абмеркаваў з ім беларускае нацыянальнае пытанне, заклікаючы кіраўніка ЗША наведаць Беларусь падчас візіту ў СССР. У 1974 годзе Ніксан стаў першым прэзідэнтам ЗША, які пабываў у Беларусі.

З 1982 года – старшыня БІНІМа. Аўтар шэрагу грунтоўных бібліяграфічных даведнікаў, а таксама дзясяткаў публікацый, у т. л. артыкулаў беларусазнаўчай тэматыкі ў амерыканскіх энцыклапедыях. У 1993 годзе выйшла яго першая манаграфія «Беларусы ў ЗША». Разам з жонкай Зорай Кіпель уклаў фундаментальную «Бібліяграфію беларускага і беларусаведнага друку на Захадзе». Выдаў кнігу ўспамінаў «Жыць і дзеіць» (2015). У 1997 годзе абраны ў склад Прэзідыума Рады БНР.

Якуб Хруст belsat.eu

The post Памёр выбітны дзеяч беларускай дыяспары Вітаўт Кіпель appeared first on belsat.eu.


#Беларусь