Палітзняволеную Алену Лазарчык трымаюць у карцары

Дачцэ Алены Лазарчык адмовілі ў спатканні з маці. Прычына – палітзняволеную трымаюць у карцары.

Алена Лазарчык. Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Адміністрацыя Магілёўскай калоніі не паведаміла колькі дзён Алена Лазарчык знаходзіцца ва ўмовах штрафнога ізалятару і па якой прычыне. Калі яе выведуць з карцара, таксама невядома. Пра гэта Белсату паведамілі сябры сям’і палітзняволенай.

Нагадаем: учора Вярхоўны суд пакінуў у сіле прысуд Алене Лазарчык – 8 гадоў пазбаўлення волі. Актывістку «Еўрапейскай Беларусі» абвінавацілі па чатырох артыкулах: 342, ч. 1 арт. 368 (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім) і ч. 3 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы).

Ад 22 ліпеня 2022 года прозвішча Алены Лазарчык у спісе асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці. Практыка перыядычна трымаць жанчын-палітзняволеных у карцарах распаўсюджана ў Беларусі. Штрафны ізалятар у калоніях падобны да звычайнай турэмнай камеры. У ім «шконка» (ложак) адшпільваецца толькі на ноч. Асабістых рэчаў у пакаранага няма. Тым, каго трымаюць у ШІЗА, забараняюцца працяглыя і кароткатэрміновыя спатканні, тэлефонныя размовы, набыццё прадуктаў харчавання і прадметаў першай неабходнасці, атрыманне пасылак, перадач, бандэроляў, адпраўленне і атрыманне лістоў. Пасцельныя прыналежнасці ім таксама не выдаюцца, на прагулкі на свежае паветра іх не выводзяць.

Пры пераводзе ў ізалятар зняволеным выдаюць спецыяльнае адзенне, на якім вялізнымі літарамі напісана «ШІЗА». Максімальны тэрмін утрымання ў ізалятары – 10 сутак. Каб утрымліваць зняволеных там як мага даўжэй, адміністрацыя складае некалькі пратаколаў запар. Алену Лазарчык трымаюць пад вартай ад 30 снежня 2021 года.  На волі ў яе застаўся маленькі сын. Яго даглядае сястра, якая сама нядаўна дасягнула паўналетняга  ўзросту.

Hавiны

Прысуд актывістцы «Еўрапейскай Беларусі» Алене Лазарчык пакінулі ў сіле

2022.12.02 13:43

Любоў Лунёва   belsat.eu

The post Палітзняволеную Алену Лазарчык трымаюць у карцары appeared first on belsat.eu.


#Беларусь