6–9 снежня 2022 года ў Берліне і Бруселі прадстаўнікі тэлеканалу «Белсат» і фонду «Зона салідарнасці» возьмуць удзел у паказе дакументальнага фільму, прысвечанага 15-годдзю тэлеканалу. Таксама адбудуцца экспертныя дыскусіі з удзелам еўрапейскіх палітыкаў.
У часе візіту ў Нямеччыну і Бельгію прадстаўнікі нашага тэлеканалу будуць дамагацца ўзмацнення ціску з боку ЕЗ на ўлады Беларусі, каб у выніку былі вызваленыя палітычныя вязні, сярод якіх і былыя журналісты «Белсату».
На дзень 6 снежня ў Беларусі 1444 асобы прызнаныя палітычнымі вязнямі, за кратамі застаюцца 32 журналісты.
Падчас візіту прэзентуюць дакументальны фільм Мар’юша Піліса «Белсат. Mission Freedom» аб працы нашага тэлеканалу, які неўзабаве адзначыць 15-годдзе.
Паказ фільму і дыскусіі з удзелам дырэктаркі тэлеканалу «Белсат» Агнешкі Рамашэўскай-Гузы, журналісткі «Белсату» і былой палітзняволенай Дарʼі Чульцовай, сябра Абʼяднанага пераходнага кабінету Паўла Латушкі, кіраўніцы Інстытуту Пілецкага ў Берліне Ганны Радзеёўскай адбудуцца ў сталіцы Нямеччыны 7 снежня на Унтэр-дэн-ліндэн 2 (Unter den Linden 2).
9 снежня экспертная дыскусія і паказ фільму пройдуць у Бруселі на авеню дэ Кортэнбэрг 1000 (Avenue de Cortenbergh 1000). Пачатак імпрэзы – а 10:30. Удзел возьмуць кіраўнік групы ў справе каардынацыі «Усходняга партнёрства» Еўрапейскай камісіі Матэ Чычаі, былы амбасадар ЕЗ у Беларусі Дырк Шубэль, прадстаўнік Нямецкага фонду Маршала Барт Шэўчык.
Суарганізатары і партнёры – Амбасада Польшча ў Берліне, МЗС Нямеччыны, Інстытут Пілецкага ў Берліне, Польскі інстытут у Берліне, беларуская супольнасць Razam.de, сталае прадстаўніцтва Польшчы пры ЕЗ у Бруселі.
The post Паказ фільму «Белсат. Mission Freedom» і экспертныя дыскусіі з удзелам белсатаўцаў appeared first on belsat.eu.
#Беларусь
Comments
No comments yet. Be the first to react!