Падставай для абвінавачвання журналіста Генадзя Мажэйкі ў абразе Лукашэнкі стаў дыктафонны запіс

Журналіста Генадзя Мажэйку абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі на падставе дыктафоннага запісу, зробленага на сустрэчы выбаршчыкаў з дэпутатам. Але відэа з той сустрэчы абвяргае абвінавачванне, піша «Камсамольская праўда».

Генадзь Мажэйка. Фота: Gennadiy Mojeiko / Facebook

У Менскім гарадскім судзе працягваецца разгляд справы журналіста «КП у Беларусі» Генадзя Мажэйкі. На пасяджэнні стала вядома, што падставай для ягонага абвінавачвання ў абразе Аляксандра Лукашэнкі стаў дыктафонны запіс, зроблены на сустрэчы выбаршчыкаў з дэпутатам Валерыем Варанецкім у 2020 годзе. На запісы – мужчынскі голас, які, на меркаванне экспертаў Следчага камітэту, належыць Мажэйку.

Але, як сцвярджае расейская «Камсамольская праўда», рэдакцыя і адвакат журналіста маюць відэазапіс той сустрэчы з дэпутатам. Кадры даказваюць, што Мажэйка ніяк не ўдзельнічаў у дыскусіі, а фразу, якую яму цяпер ставяць у віну, прамовіў іншы мужчына.

«На відэа бачна, што Мажэйка паводзіць сябе, які і любы журналіст на падобнай сустрэчы: ён спакойны, калі не сказаць абыякавы, і не бярэ ўдзел у абмеркаванні. Абразіў прэзідэнта не наш калега, а ягоны сусед: мужчына з сівымі валасамі, у масцы і з навушнікамі на шыі», – піша «КП».

Генадзя Мажэйку 1 кастрычніка летась затрымалі ў Маскве і перавезлі ў Менск. Журналіста вінавацяць у «абразе прэзідэнта» і «распальванні варажнечы». Нагодай стала публікацыя пра Андрэя Зельцара, які застрэліў супрацоўніка КДБ і быў забіты.

Справу журналіста разглядае суддзя Таццяна Фалькоўская.

Праваабаронцы прызналі Мажэйку палітзняволеным.

Артыкулы

Генадзь Мажэйка не прызнаў віны ў судзе

2022.12.01 12:41

Сяргей Крот belsat.eu

The post Падставай для абвінавачвання журналіста Генадзя Мажэйкі ў абразе Лукашэнкі стаў дыктафонны запіс appeared first on belsat.eu.


#Беларусь