Пад ціскам пратэстаў Іран скасоўвае паліцыю маральнасці і пераглядае правілы нашэння хіджабаў

Іран скасаваў падраздзяленні паліцыі маральнасці пасля больш як двух месяцаў пратэстаў, выкліканых арыштам Махсы Аміні за нібыта парушэнне строгага жаночага дрэс-коду краіны, паведамляе Al-Arabiya са спасылкай на агенцтва ISNA.

Пратэсты ў Іране. Фота: Darafsh / Wikipedia

«Паліцыя маральнасці не мае нічога агульнага з судовай сістэмай» і мае быць скасаваная, заявіў генеральны пракурор Ірану Махамад Джафар Мантазеры ўвечары 3 снежня.

Разбор

Душаць пратэсты і пастаўляюць дроны Расеі. Што адбываецца ў Іране, і што з гэтым можна зрабіць

2022.10.24 16:03

Між тым The Guardian піша таксама, што ўлады Ірану вырашылі перагледзець закон, які патрабуе ад жанчын пакрываць галовы:

«І парламент, і судовыя органы працуюць [над пытаннем], ці патрэбныя змены ў законе», – заявіў ужо згаданы Мантазеры.

Пры гэтым невядома, што канкрэтна плануецца змяніць. Вынікі могуць быць «праз тыдзень-два».

Прэзідэнт Ірану Ібрагім Раісі заявіў 3 снежня, што рэспубліканскія і ісламскія асновы Ірану замацаваныя ў канстытуцыі.

«Але ёсць метады выканання канстытуцыі, якія могуць быць гнуткімі», – сказаў ён.

Падчас пратэстаў, якія пачаліся 16 верасня, у Іране забітыя прынамсі 448 пратэстоўцаў. Паведамляецца пра дзясяткі забітых і сярод сілавікоў. Арыштаваныя не менш як 14 тыс. пратэстоўцаў, у тым ліку і дзеці. Арышты працягваюцца і дагэтуль.

Аналітыка

«Нічога не стрымлівае, каб прыхавана весці справы». Як санкцыі і зброя збліжаюць Беларусь і Іран

2022.11.23 08:35

Якуб Хруст belsat.eu

The post Пад ціскам пратэстаў Іран скасоўвае паліцыю маральнасці і пераглядае правілы нашэння хіджабаў appeared first on belsat.eu.


#Беларусь