Марыя Калеснікава, якая са штрафнога ізалятару трапіла ў рэанімацыю, паціху крыяе. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «Виктор Бабарико» са спасылкай на бацьку палітзняволенай.
Бацьку палітзняволенай Аляксандру Калеснікаву 1 снежня ўдалося даведацца ў дактароў, як Марыя Калеснікава сёння сябе адчувае – ёй лепш. З рэанімацыі яе перавялі ў першае хірургічнае аддзяленне.
«Апетыт нармальны, Маша паснедала ёгуртам і кашай. Яе наведваў доктар з калоніі, які запэўніў: пасля выпіскі з больніцы Марыі забяспечаць належныя ўмовы і догляд», – гаворыцца ў паведамленні.
Марыя Калеснікава ведае ад дактароў свой дыягназ, а таксама тое, што і як аперавалі. Аляксандру Калеснікаву дыягназу не паведамілі.
Нагадаем, палітзняволеную прывезлі ў шпіталь з хірургічнай паталогіяй і 28 лістапада зрабілі аперацыю. Пасля гэтага яна ў стабільна цяжкім стане з паляпшэннем трапіла ў рэанімацыю. 30 лістапада Марыю павінны былі перавесці ў хірургічнае аддзяленне. У той жа дзень стала вядома, што яе вартуюць тры чалавекі з аўтаматамі, з бацькам размаўляць не даюць.
Да шпіталю Калеснікаву трымалі ў штрафным ізалятары. Праўда, няма інфармацыі пра тое, з якога дня і на які тэрмін яе туды змясцілі. У адміністрацыі калоніі пра шпіталізацыю нічога не сказалі і адваката да зняволенай не дапускалі.
Антон Тачняк belsat.eu
The post Марыя Калеснікава пачуваецца лепш. З рэанімацыі яе перавялі ў хірургічнае аддзяленне appeared first on belsat.eu.
#Беларусь
Comments
No comments yet. Be the first to react!