МТБанк прыпыняе пераводы ў доларах і еўра

«МТБанк» паведаміў на сваім сайце аб прыпыненні пераводаў у еўра з 9 снежня, у доларах – з 22 снежня. 

Рэклама «МТбанку» на будынку ва Уруччы. Менск, Беларусь. Фота: Белсат

З 9 снежня ўступае ў сілу абноўлены «Пералік узнагароджанняў па аперацыях з кліентамі і банкамі-карэспандэнтамі» гэтага банку.

«Паважаныя кліенты! Інфармуем Вас аб зменах у Пераліку ўзнагарод па аперацыях з кліентамі і банкамі-карэспандэнтамі (далей – Пералік узнагарод), якія ўступаюць у сілу з 09.12.2022. Змяненні тычацца часовага прыпынення пераводаў на рахункі ў «Прыёрбанку» у еўра з 09.12.2022, у доларах ЗША з 22.12.2022», – гаворыцца ў паведамленні на сайце.

«Прыёрбанк» з’яўляецца банкам-карэспандэнтам, праз рахункі якога «МТБанк» ажыцяўляе сваю міжнародную фінансавую дзейнасць.

Раней паведамлялася, што 26 лістапада «Прыёрбанк», «Тэхнабанк», «Парытэтбанк» і «РРБ-Банк» змянілі правілы міжнародных пераводаў. Гэта тычыцца як прыёму, гэтак і адпраўкі грошай. Прычыны новаўвядзенняў не называліся. Пасля некаторыя з банкаў («Тэхнабанк» і «Парытэтбанк») аднавілі SWIFT-пераводы, але ў іншых («Парытэтбанк» і «РРБ-Банк») абмежаванні засталіся.

Hавiны

Адразу некалькі беларускіх банкаў абмежавалі міжнародныя пераводы

2022.11.26 09:07

28 лістапада выданне «Office Life»паведаміла,  што прычыны змяненняў у практыцы валютных пераводаў некаторых беларускіх банкаў «варта шукаць на баку банкаў-карэспандэнтаў беларускіх фінустановах за мяжой». Пры гэтым называліся некалькі версіяў.

Першая з версіяў – у лістападзе некаторыя беларускія банкі вычарпалі ліміты на SWIFT-пераводы, устаноўленыя замежнымі банкамі-партнёрамі. Таму былі ўведзеныя абмежаванні для фізічных асоб, каб «адсекчы частку пераводаў і даць магчымасць свабодна пераводзіць грошы юрыдычным асобам».

Па іншай версіі, замежныя партнёры беларускіх банкаў узнялі тарыфы на абслугоўванне SWIFT-перакладаў, што робіць іх для беларускага боку невыгоднымі.

«У банкаўскай супольнасці асцерагаюцца магчымага ўвядзення новых абмежаванняў на SWIFT-пераклады ў будучыні. Той факт, што ўмовы па іх змяніў у тым ліку і «Прыёрбанк», праз карэспандэнцкі рахунак якога працуюць многія беларускія банкі, можа быць кепскім сігналам для рынку», – паведаміла тады выданне.

Антон Тачняк belsat.eu

The post МТБанк прыпыняе пераводы ў доларах і еўра appeared first on belsat.eu.


#Беларусь