Калеснікава: У больніцу прывезлі з перытанітам

Марыя Калеснікава расказала падрабязнасці сваёй шпіталізацыі і аперацыі. Была рэальная пагроза жыццю. Аб гэтым паведамляе тэлеграм-канал «Виктор Бабарико».

Марыя Калеснікава з бацькам. Фота: ЖС Premium / Telegram

Сталі вядомы падрабязнасці шпіталізацыі палітзняволенай Марыі Калеснікавай. Паводле паведамлення каманды «Виктор Бабарико», яе прывезлі на хуткай у больніцу, яна прасіла звязацца з бацькам, каб прыняць рашэнне наконт аперацыі. Але лекары растлумачылі ёй: у яе развілося запаленне брушыны, прымаць рашэнне трэба неадкладна. Маша дала згоду на аперацыю.

«Ёй зрабілі лапараскапію з невялікім разрэзам. Гаенне адбываецца нармальна, дрэнажу ўжо няма. Па словах лекараў у медсанчастцы ВК, усе неабходныя працэдуры і аналізы робяць», – гаворыцца ў паведамленні каналу.

Цяпер Марыя Калеснікава «мала есць, бо на дадзены момант ежа ў калоніі ёй не падыходзіць». У медсанчастцы паабяцалі скарэктаваць харчаванне. Пры гэтым, адзначаецца, што Калеснікава «неаднаразова прасіла, каб усе падрабязнасці аб яе стане і дыягназе паведамілі бацьку. Але, як мы ведаем, гэтага так і не здарылася».

Як раней паведамлялася, у Марыі дыягнаставалі прабадзенне язвы ў больніцы хуткай дапамогі. Каманда тэлеграм-каналу тлумачыць, што гэта была рэальная пагроза жыццю: «Прабадзенне язвы – адукацыя скразной адтуліны ў сценцы страўніка. Змесціва трапляе ў брушную поласць, і развіваецца запаленне брушыны – перытаніт. Прабадзенне суправаджаецца раптоўным інтэнсіўным («кінжальным») болем у жываце. Перытаніт пагражае жыццю пацыента і патрабуе неадкладнай медычнай дапамогі».

Hавiны

Аляксандр Калеснікаў сустрэўся з дачкою

2022.12.05 18:29

Марыю Калеснікаву шпіталізавалі 28 лістапада. Тады паведамлялася, што ёй зрабілі аперацыю, дыягназ спачатку не называўся.

Калеснікава адбывае 11-гадовы тэрмін паводле абвінавачання ў «змове з мэтаю захапіць уладу», «закліках да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі» і «стварэнні экстрэмісцкага фармавання». Вырак вынес суддзя Менскага абласнога суда Сяргей Епіхаў.

Антон Тачняк belsat.eu

The post Калеснікава: У больніцу прывезлі з перытанітам appeared first on belsat.eu.


#Беларусь