Добраахвотныя памочнікі Пуціна

Тэлеканал «Дождь» пазбавілі ліцэнзіі ў Латвіі. Прычынай стала дзіўнае выказванне вядоўцы, якога адразу ж звольнілі, а таксама неназваная інфармацыя ад Службы дзяржбяспекі. Але ці наблізіць абмежаванне вяшчання незалежнага рускамоўнага тэлеканалу перамогу Украіны?

Фота мае ілюстрацыйны характар. Фота: Дзяніс Каменеў / Reuters / Forum

Гэбэшнікі ўсіх краін, яднайцеся!

Не факт, што органы дзяржбяспекі розных краін моцна адрозніваюцца адзін ад аднаго. Як мінімум, іх усіх непакоіць ці нават раздражняе наяўнасць незалежных медыяў. Непрадказальнасць, непадкантрольнасць, непакорлівасць заўсёды імі ўспрымаюцца як пагроза дзяржаўнай бяспецы. Так было ў СССР, ёсць у пуцінскай Расеі (пачынаючы з разгрому хай прадузятага, але высакаякаснага тэлеканалу НТВ у 2001 годзе) і, мабыць, у Латвіі таксама.

Чым апазіцыйны рускамоўны тэлеканал пагражае нацыянальнай бяспецы Латвіі? Невядома, таму што звесткі СДБ Латвійскі Нацыянальны савет па электронных медыях (NEPLP) не абвясціў. Затое «Дождь», які адразу выбачыўся за няўдалую фармулёўку ў прамым эфіры, цяпер страціць 20% выручкі, а шэраг яго супрацоўнікаў атрымае праблемы з легалізацыяй ў ЕС.

Палкоўнік ФСБ Уладзімір Пуцін мусіць быць вельмі задаволеным дзеяннямі сваіх калегаў у ненавісным яму Еўразвязе. Па-першае, постсавецкія гэбісты верныя савецкім практыкам: роўна па такой самай схеме КДБ пазбаўляўся ад непажаданых святароў, пазбаўляючы прапіскі і рэгістрацыі – дазволу служыць у канкрэтнай парафіі.

Па-другое, старанна льюць ваду на млын крамлёўскай прапаганды. Цяпер не трэба даставаць з запаснікаў забытыя гісторыі з блакаваннямі RT і прыдумляць «адмену рускай культуры» ў выглядзе канцэртаў і спектакляў – можна проста паказаць на прыкладзе «Дажджу», наколькі пракляты Захад ненавідзіць усё рускае, што нават заходнікаў не шкадуе ў прыступах жудаснай русафобіі.

Нарэшце, па-трэцяе, цяпер у Маскве ведаюць, як дабіваць усе незалежныя медыі, якія выслізнулі з-пад катка рэпрэсяў унутры Расеі. Дастаткова знайсці неадназначнае выказванне або вырваць з кантэксту, падключыць сваю агентуру, ольгінскіх ботаў, раздразніць мясцовых правакатараў і актывістаў – і гатова, далей працэс пойдзе сваёй чаргой ад брэху ў Фэйсбуку і Тўітэры да мясцовых Думы, Раскамнагляду і КДБ.

«Дождь» і іншыя

Так склалася, што многія з расейскіх медыяў ў выгнанні працуюць з Латвіі –«Дождь», «Медуза», «Новая газета. Еўропа». Там жа базуецца і свабодны ўніверсітэт, створаны прафесарамі Вышэйшай школы эканомікі, звольненымі ў 2020 годзе за сваю пазіцыю. Усе яны беглі з-за цэнзуры і пераследаў.

Да многіх з гэтых медыяў ёсць прэтэнзіі. «Медузу» папракаюць у прасоўванні левага парадку і захаванні рэпрэсіўнага заканадаўства аб «замежных агентах». «Дождь» некалі паказаў карту Украіны без Крыму і назваў расейскую армію «нашай» (у чым галоўрэд тэлеканалу не бачыць гларыфікацыі – «Нашая армія здзяйсняе ваенныя злачынствы»), а галоўны рэдактар «Новай газеты. Еўропа» калісьці працаваў у структурах рэжыму. Больш крытыкі выклікала толькі закрытае ў Расеі радыё «Эхо Москвы»: ім валодаў «Газпром», а галоўрэд сябруе з Пясковым і дамагаўся жанчын.

Фота мае ілюстрацыйны характар. Жанчына трымае ўлётку падчас акцыі пратэсту супраць пагрозы закрыцця тэлеканалу «Дождь» у Маскве 8 лютага 2014 года. Канал быў выключаны з сеткі вяшчання тэлевізійнымі правайдарамі. Фота: Таццяна Макеева / Reuters / Forum

Але пры ўсіх недахопах, персанальных і сістэмных, гэтыя медыі выступаюць супраць вайны, яны выконвалі і выконваюць важныя задачы. Асвятленне сітуацыі ў Расеі, адсутнасць цэнзуры, прасоўванне каштоўнасцяў дэмакратыі і правоў чалавека, пляцоўка для апазіцыйных палітыкаў (=ворагаў Пуціна) – усё гэта і пра «Дождь», і пра «Новую» (ранейшую і цяперашнюю), і пра «Медузу», і пра «Эхо». Былі і іншыя, але зачыніліся (напрыклад, Znak.com) ці менш уплывовыя.

«Дождь» з’явіўся ў 2010 годзе і набраў велізарную папулярнасць у асяроддзі адэкватных расейцаў дзякуючы асвятленню масавых пратэстаў 2011-2012 гадоў. Фінансавалі канал яго гендырэктар Наталля Сіндзеева і яе муж Аляксандр Вінакураў, да 2014 года былі таксама даходы ад рэкламы. Але потым здарыўся скандал з-за апытання ў эфіры пра блакаду Ленінграда («Ці трэба было здаць Ленінград, каб выратаваць сотні тысяч жыццяў?») і пачалося: дэпутаты-адзінаросы абвінавачвалі «Дождь» у рэабілітацыі нацызму, міністр культуры назваў журналістаў нелюдзямі, прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў сказаў, што «Дождь» «парушыў больш, чым закон».

Нягледзячы на выбачэнні кіраўніцтва тэлеканалу, ужо тры дні праз аператары кабельнага ТБ сталі адключаць яго ад вяшчання. Акрамя таго, Мінюст РФ унёс «Дождь» у спіс «замежных агентаў». Сіндзеева казала, што ў Адміністрацыі прэзідэнта шукалі толькі падставу для рэпрэсій пасля публікацыі на канале расследаванняў апазіцыйнага лідара Аляксея Навальнага аб карупцыі ў вярхах.

Няўдалая фармулёўка, кампанія ў сацсетках і сярод палітыкаў, праверкі сілавікоў, адключэнне ад вяшчання – нічога не нагадвае?

Мяркуючы па заявах кіраўніка NEPLP, яны таксама шукалі толькі падставу для закрыцця «Дажджу». Спярша папярэджання, потым штраф у 10 тысяч еўра, пагрозы адключыць пры трэцім парушэнні – і, нарэшце, пазбаўленне ліцэнзіі «па сукупнасці» і блакаванне.

Не па мордзе, а па пашпарце

Складваецца ўражанне, што Захад наўмысна адштурхвае ад сябе праеўрапейскі настроеных расейцаў.

Спярша латвійскія спецслужбы казалі, што ўцекачы з Расеі незалежныя медыі трэба праверыць на пагрозы бяспецы краіне (вось і першы вынік, але ці апошні?). Затым краіны Балтыі, Польшча і Фінляндыя закрылі ўезд для грамадзян РФ па стандартнай шэнгенскай візе (тым самым не даючы заходнікам бегчы на захад ад згвалтаванняў швабрай і гантэлямі ў турмах і паліцыі, а таксама ад мабілізацыі).

Такім чынам, менавіта краіны ЕС апусцілі новую жалезную заслону на сухапутных межах з Расеяй, выдатна разумеючы, наколькі складана і дорага ў посткавідным свеце і пры аўтарытарным рэжыме зʼехаць з краіны іншым шляхам, чым па турыстычным Шэнгене і аўтобусам да Рыгі, Таліну і Хельсінкі. Следам за імі Чэхія перастала пускаць расейцаў па звычайных візах. Умовы выдачы гуманітарных віз еўрапейскія краіны зрабілі больш жорсткімі.

Пасля кожнага з гэтых рашэнняў у Крамлі, на Старой плошчы і Лубянцы напэўна адкрывалі скрыню шампанскага.

Рэпартаж

Украіна перш за ўсё, а апазіцыя не вінаватая: як прайшоў расейскі антываенны форум у Вільні

2022.12.04 21:18

Агрэсію ўкраінцаў можна зразумець, расейцы-эмігранты да яе былі адразу гатовыя, яны дапамагалі ўцекачам, пераводзілі сродкі ЗСУ, ладзілі мітынгі. Але з часам стала ясна, што ўкраінцам такія саюзнікі не патрэбныя – толькі армія і флот. Што б ні зрабілі грамадзяне РФ, усё дрэнна: нічога не робяць– «Чаму не данат і не дапамагаюць уцекачам?», пераводзяць грошы ЗСУ і валанцёраць – «Не патрэбна нам вашая дапамога!», не выказваюцца – «Рабы! Маўкліва падтрымліваюць вайну», выступаюць супраць вайны – «Недастаткова!», не выходзяць на вуліцы – «Чаму іх не відаць?», выходзяць на мітынгі – «Чаму не паляць покрыўкі ў Крамля?!» і нецэнзурныя пасылы.

Паўтаруся, зразумець эмоцыі ўкраінцаў можна (хоць не вельмі зразумелая лютасць тых, хто сядзіць у бяспечнай Еўропе на падтрымках і дапамозе з усіх бакоў), да таго ж іх падсілкоўвае свая прапаганда, якой сталі ўкраінскія медыі. Гэта непазбежна падчас вайны, а штурхаць безабаронных натоўпам лёгка і бяспечна. А ўцекачы ад рэжыму і ёсць безабаронныя – яны паўсюль чужыя сярод сваіх.

Гісторыі

«Ляцець у пекла – дык бізнес-класам». Чаму расейцы вяртаюцца з эміграцыі

2022.11.22 18:07

Але не зразумела, чаму такі падыход пераймаюць еўрапейцы. Агульнай становіцца ідэя калектыўнай віны і калектыўнай адказнасці. Не палітыкаў, якія ахвотна ішлі ў «Газпрам», паслухмяна ездзілі ў Крэмль, названьваюць Пуціну і не пускалі Украіну з Грузіяй у ЕЗ і НАТА. Замест іх віна і адказнасць ускладзеныя на ўсіх грамадзян Расеі. Незалежна ад іх поглядаў, словаў і ўчынкаў.

Ці наўмысна Еўропа расчароўвае расейцаў у сабе? Прызначыць іх ахвярнымі казламі – самы просты выхад. Але памылковы.

Пасля вайны і падзення пуцінскага рэжыму нікуды Расея не дзенецца і расейцы застануцца. І акрамя аднаўлення Украіны будзе задача аднаўлення Расеі. Аднаўлення адэкватнасці ў Расеі. І тут бы вельмі спатрэбіліся заходнія каштоўнасці – вяршэнства права, захаванне правоў чалавека, падзел уладаў, адсутнасць цэнзуры і засілле сілавых структур, кантроль грамадзянскай супольнасці над дзяржавай, плюралізм, свабода і прэзумпцыя невінаватасці.

Але калі асобныя краіны ЕЗ пры папушчальніцтве Бруселю не проста капаюць на ўсходняй мяжы роў з кракадзіламі, а самі ім становяцца, ці пойдзе будучая свабодная Расея па еўрапейскім шляху? Ёсць рызыка, што цяперашнія складанасці для расейцаў у Еўропе выклічуць толькі абурэнне, а пазней і рэваншызм.

Прыклад Германіі 20-х і 50-х паказвае, што трэба не ўтоптваць зрынутага агрэсара ў бруд, а выцягваць з яго. Гэта больш бяспечна і больш эфектыўна.

Інтэрв’ю

«Зрабіць Канстытуцыю недастаткова». Як рыхтуюць дакументы для Расеі пасля Пуціна

2022.12.05 13:42

Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў ужо сказаў, што сітуацыя з «Дождем» стала «прыкладам памылковых ілюзіяў, што дзесьці лепш і вальней, чым у Расеі». Цяпер Крэмль усімі сіламі стане прасоўваць гэтую ідэю рознымі словамі і праз розныя каналы, узгадваючы ўсе перашкоды эмігрантам. Асабліва калі еўрапейскія ўлады не перастануць падкідваць падставы.

Пакуль ёсць шанец, Захаду (уключна з Украінай) варта прыняць расейскіх заходнікаў як саюзнікаў у барацьбе з Пуціным, і падаць прыклад цывілізаванасці.

Іван Аляксееў /ММ, belsat.eu

The post Добраахвотныя памочнікі Пуціна appeared first on belsat.eu.


#Беларусь