Выстава Minsk anti zoo: Пра футра, фэшн, а яшчэ пра беларускую рэвалюцыю, прыгажосць і каханне

Напэўна, чытаючы назву гэтага артыкула, вы спытаеце «ну хіба можна неяк аб’яднаць гэта ўсё». Можна. І вельмі нават гарманічна. І вось як.

Выстава Minsk anti zoo, Варшава, 2022, Беларускі моладзевы хаб. Фота: Белсат

Днямі ў Беларускім моладзевым хабе ў Варшаве адкрылася выстава Minsk anti zoo. Яна пра жывёлаў, людзей, няволю, а яшчэ пра прыгажосць і каханне. Гэтая выстава – гэта позірк стылісткі Ганны Прышывалкі і яшчэ цэлай каманды жанчын і дзяўчат на тое, што адбылося з беларусамі ў 2020 годзе.

Падзеі таго часу вельмі прыгняталі беларусаў. Тое ж самае адчувала і Ганна, але аднойчы падзеі вакол жанчыны пачалі складвацца як пазл, і так дайшло да нараджэння гэтага праекту:

– Аднойчы мы з дзіцёнкам пайшлі ў заапарк. Хто з Менску – я думаю, вы памятаеце менскі заапарк. У нас там ёсць такі мядзведзь – я яго памятаю з дзяцінства. Хаця, мядзведзь, напэўна, ужо іншы, але вось увесь гэты час у яго там ванна такая страшная стаіць і пакрышка вісіць. І малюсенькая-малюсенькая камера. І вось гэты мішка – прыгожы як з мульціка – ён вось у гэтай камеры. А яшчэ там ёсць адна цудоўная шымпанзэ – яна сядзіць за шклом увесь час і на ўсіх глядзіць жудасным позіркам, поўным безнадзейнасці. І вось тады ў мяне сталі з’яўляцца ў галаве параўнанні на тэму таго як гэта – калі жывая істота знаходзіцца ў замкнёнай прасторы, а не ў сваім натуральным асяроддзі.

Стрэс, звязаны са знаходжаннем чалавека ў няволі моцна рэзанаваў у думках Ганны з тым, што адчуваюць гэтыя безабаронныя жывёлы. Падобны страх – апынуцца за кратамі, па словах дзяўчыны панаваў тады ледзь не ва ўсім беларускім грамадстве: страшныя арышты і ператрусы прымушалі беларусаў баяцца за сябе і сваіх блізкіх:

– Я апынулася на месцы чалавека, чые блізкія людзі трапілі за краты. І я зразумела, што гэта не меншыя пакуты і перажыванні, чым быць затрыманым, – дзеліцца ўражаннямі Ганна Прышывалка. – І я памятаю як стаю з перадачай, а была зіма – люты, было вельмі халодна. Я стаю ў чарзе, побач іншыя жанчыны таксама з перадачамі і было поўнае адчуванне таго, што я тут апынулася выпадкова. Нібыта прыляцела з краіны вясёлкавых адзінарожак і гэта наогул усё не пра мяне. Мозг проста адмаўляўся прымаць гэтую рэальнасць. Перада мной стаяла жанчына. І вось калі перадаеш перадачу – абавязкова пішаш спіс таго, што перадаеш, а на ўваходзе сядзіць працаўнік турмы і правярае, што ты паклаў у перадачу. Я па рэчах разумею, што жанчына перадае перадачу сваёй дачцэ. І ў нейкі момант даходзіць да невялічкага пакуначка, працаўнік турмы яго выварочвае, а там гумкі для валасоў, заколачкі. І ён глядзіць на гэта і кажа: «А гэта навошта?» І жанчына моцна разгубілася і ўсё, што змагла яму адказаць: «Ну яна ж дзяўчынка». І ўсё.

Выстава Minsk anti zoo, Варшава, 2022, Беларускі моладзевы хаб. Фота: Белсат

У гэты момант Ганна пастанавіла, што зробіць праект, у якім зможа выказаць увесь свой боль, бясконцую павагу, салідарнасць і спачуванне ўсім тым жанчынам, якія прайшлі праз месцы абмежавання волі. Ад думкі да рэалізацыі ідэя спела да вясны 2021 года. Гэтаму часу адпавядаюць і вобразы, якія можна ўбачыць на выставе. Вось некалькі з іх. Ці пазнаеце, хто гэтыя жанчыны?

Ліса: Прывітанне! Напэўна вы мяне бачылі і чулі! Я такая яркая, какетка, вылучаюся са сваёй зграі. Паглядзіце, якая ў мяне памада! А яшчэ ў мяне маса супер здольнасцяў! Я магу вымаўляць больш за 40 розных гукаў, пачуць мыш пад метрам снега, па-майстэрску заблытваць сляды, прымудраючыся не трапляцца на вочы. Я магла бегчы ўсю ноч, не спыняючыся…

І вось я тут…

Востры слых зараз патрэбен, каб раней за іншых пачуць звон ключоў у руках наглядчыка. Нюх – каб унюхаць, якая пайка будзе на вячэру. Мне тут далі мянушку – Неверагодная.

Малпа: Добры дзень! Як у вас справы? Усё ў парадку? Чым вы сёння займаліся? Я навяла прыгажосць, надзела свае любімыя калготкі і выйшла цёплым вечарам палюбавацца заходам. Люблю, калі сонейка грэе верхавіны! А вы там былі? Бачылі? Як – «не»? Не пераношу нуду, люблю быць у руху. Ды і ці мала, каму магла спатрэбіцца мая дапамога.

І вось я тут.

Гляджу ў люстэрка і не пазнаю сябе. Холадна, цесна… Адна з нямногіх забаў – змагацца з чужымі вошамі. Непакоюся, як там мае?

Ваўчыца: Аўўўў! На гэтую тэрыторыю лепш не заходзіць. Іду першай, высока падняўшы хвост. Бачыце, дзве адзінкі? Тактыка распрацавана да дробязяў, побач надзейнае плячо на ўсё жыццё. Толькі наперад, не здавацца! Мы ж можам і тыдзень без ежы. Трэба ісці наперад. Такія, як мы не паддаюцца дрэсуры.

І вось я тут.

Амаль выйшла за межы небяспечнай тэрыторыі, але чакала засада. Зграя пацярпела паражэнне, але не сышла. Гэта супярэчыць законам прыроды. Дык што там робяць, каб выстаяць? Спяваюць? Аўўўў! Так-с, давайце пагуляем у шашкі, вось і фігуркі з задубелага хлеба. Аўўўў, халодная будка! Выдужаць. Што гэта? Вы чуеце галасы іншых ваўкоў?

Выстава Minsk anti zoo, Варшава, 2022, Беларускі моладзевы хаб. Фота: Белсат

Гэта вобразы Марыі Калеснікавай, Вольгі Хіжынковай і Алены Леўчанкі. Акрамя іх у экспазіцыю ўваходзяць яшчэ тры зборныя вобразы, якія не маюць дакладных адпаведнікаў – пенсіянерка, маці і студэнтка.

Усе вобразы жанчын прадстаўленыя як жывёлы, якія ёсць у менскім заапарку – гэта ліса, мядзведзіца, ваўчыца, малпа, леапард і лама. Аўтары выставы нібыта схавалі герояў у аватары гэтых жывёлаў, уяўляючы, што яны думаюць там, за дратамі клеткі.

– У мяне ёсць сяброўка, якая жыве ў Нямеччыне і яна сказала, што параіць зайсці на выставу сваім знаёмым, – распавядае Ганна Прышывалка. – І вось адзін са знаёмых запытаў у яе пра што выстава. Яна кажа: «ну, там дзяўчаты ў футрах, атрымліваецца, пра футра». Так, пра футра таксама мне хацелася б распавесці. Бо кожнае з тых футраў, у якія апранутыя нашыя мадэлі, мае сваю гісторыю. Напрыклад, футра для лісы я фарбавала балончыкам для афарбоўкі валасоў, шэранькае футра ваўка – гэта старэнькае футра маёй мамы, футра для леапарда мне адмыслова для здымак дала адна вельмі вядомая стылістка, а яшчэ два футра ахвяравала слынная мастачка.

Выстава Minsk anti zoo, Варшава, 2022, Беларускі моладзевы хаб. Фота: Белсат

Ганна прызнаецца, што ў праекту Minsk anti zoo зусім не было бюджэту: дзяўчаты самі заплацілі візажыстам і стылістам па валасах, а Беларускі Вольны тэатр прадставіў пляцоўку для здымак. З асаблівай падзякай Ганна распавядае пра тое, што акторкі Беларускага Вольнага тэатру пагадзіліся зняцца ў ролі галоўных гераінь.

– Акрамя ўсяго іншага гэтая выстава – пра фэшн. Бо прыгажосць – гэта тое, на чым стаіць наш свет. У нашым беларускім пратэсце было шмат прыгажосці, эстэтыкі, творчасці, крэатыву. І шмат кахання. Гэтыя складнікі мы і імкнуліся ўкласці ў наш праект. І калі верыць, што прыгажосць і каханне выратуюць гэты свет – то, мне падаецца, у нас дужа някепскія перспектывы, – кажа Ганна Прышывалка. – І, напэўна, гэтая выстава – мой асабісты ўнёсак у тое, каб мы з вамі памяталі і былі ўдзячныя тым людзям, якія пацярпелі ў 2020 годзе. Бо калі мы пераехалі ў Варшаву – я пачала чуць ад суайчыннікаў думкі пра тое, што, з пачаткам вайны ва Украіне, беларуская павестка згасла. І мне было вельмі балюча гэта чуць. Мы жылі ва ўкраінскім Ірпені і 24 лютага прачнуліся пад гукі выбухаў. І я ні ў якім разе не заніжаю важнасці гэтых падзеяў, але Беларусь – наш дом. І там адбываюцца страшныя рэчы. Працягваюць адбывацца. І мы не можам заніжаць іх важнасць – бо гэта так ці інакш закранула ўсіх беларусаў.

AK belsat.eu

The post Выстава Minsk anti zoo: Пра футра, фэшн, а яшчэ пра беларускую рэвалюцыю, прыгажосць і каханне appeared first on belsat.eu.


#Беларусь