Міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу прыляцеў у Беларусь з неанансаваным візітам. Ён сустрэўся з беларускім калегай Віктарам Хрэніным, а потым – з Аляксандрам Лукашэнкам. Вайсковы эксперт у каментары «Белсату» адзначыў, што Шайгу прывёз нейкае асабістае пасланне ад Пуціна і распавёў пра далейшыя планы выкарыстоўвання беларускай тэрыторыі ў вайне супраць Украіны.
Міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу нечакана прыляцеў у Беларусь у суботу, 3 снежня. Ён правёў перамовы з беларускім калегай Віктарам Хрэніным. Міністры падпісалі пратакол аб унясенні зменаў у пагадненне між Беларуссю і Расеяй аб сумесным забеспячэнні рэгіянальнай бяспекі ў ваеннай галіне. Гэтае пагадненне было ўхваленае яшчэ ў снежні 1997 года.
Вайсковы эксперт сказаў «Белсату» на ўмовах ананімнасці, што самае цікавае ў гэтым пагадненні – пад грыфам «сакрэтна».
«Мяркую, там гаворыцца пра колькасць, склад і матэрыяльнае забеспячэнне рэгіянальнай групоўкі войскаў. Пра тое, колькі і якіх войскаў кожная краіна выдзеліць у гэтую групоўку ў выпадку ўзнікнення пагроз. Бакі таксама ўдакладнілі парадак ужывання войскаў у выпадку агрэсіі і ваеннага канфлікту», – паведаміў аналітык.
Пасля перамоў з Хрэніным Шайгу паехаў на сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам. Пад камеры Лукашэнка заявіў, што ані Беларусь, ані Расея «вайны не хацелі і не хочуць».
«Калі яны жадаюць ваяваць да апошняга ці то ўкраінца, ці то ўжо там паляка ці яшчэ наймітаў, ну, гэта іх справа, гэта іх права. Пакуль, напрыклад, я і нашы спецслужбы не бачаць, каб яны былі гатовыя да паўнапраўных перагавораў і па-чалавечы дамаўляцца. Яны бачаць, як працягнуць вайну. Ну, тады спецыяльная аперацыя не спыніцца», – сказаў Лукашэнка.
Па-за камерамі Шайгу перадаў Лукашэнку асабістае пасланне ад Уладзіміра Пуціна, мяркуе вайсковы эксперт, з якім паразмаўляў «Белсат».
«Шайгу прывёз Лукашэнку нейкую дадатковую інфармацыю аб ходзе падзеяў і аб планах Расеі ў вайне. Нейкую канфідэнцыйную інфармацыю асабіста ад Пуціна, якую нельга даверыць сродкам сувязі. Шайгу паведаміў аб тым, якім чынам будзе дзейнічаць Расея ў зімовай кампаніі, магчыма, аб тым, ці будзе выкарыстаны беларускі плацдарм расейскімі войскамі для нанясення ўдараў па Украіне», – адзначыў эксперт.
Ён лічыць, што наўрад ці Расея плануе такі ж маштабны наступ з тэрыторыі Беларусі, як было ў пачатку вайны 24 лютага, бо для ўкраінцаў гэта ўжо не будзе нечаканасцю.
«Снарад двойчы ў адну варонку не трапляе. Відавочна, гаворка ідзе аб нечым іншым, чым як гэта было ў лютым. Украіна гатовая да такой аперацыі. Відавочна, што, калі задумана нейкая аперацыя, то будзе нешта нечаканае. Але Беларусь актыўнага ўдзелу ў гэтым прымаць не будзе і не зможа», – лічыць эксперт.
Суразмоўца «Белсату» заўважыў, што Расея ў кантэксце вайны з Украінай зацікаўленая ў беларускай тэрыторыі. Адсюль можна запускаць ракеты, тут можна навучаць рэзервістаў і лячыць параненых вайскоўцаў.
«Калі і будзе выкарыстоўвацца тэрыторыя Беларусі, то гэта, магчыма, аэрадромы, раёны манеўравання і патрулявання ракетных комплексаў, можна выкарыстоўваць як тылавую зону для размяшчэння нейкіх матэрыяльных рэсурсаў, падрыхтоўкі расейскіх рэзервістаў на беларускіх палігонах, лячэнне расейскіх вайскоўцаў у Беларусі», – падсумаваў аналітык.
Ён запэўніў, што беларуская армія да непасрэднага ўдзелу ў вайне не гатовая.
«Колькасць сухапутных войскаў Беларусі, то бок тых сілаў, што могуць быць ужытыя супраць Украіны, — 11 тысяч асобаў. Такімі сіламі Беларусь наступаць не можа, дый Расеі, якая мабілізавала 300 тысяч асобаў, гэта не патрэбна. Без вялікай мабілізацыі Беларусь у канфлікт уступіць не зможа», — падсумаваў эксперт.
У папярэдні раз Шайгу прылятаў у Беларусь 3 лютага, тады ён таксама сустракаўся з Лукашэнкам. 24 лютага Расея ўварвалася ва Украіну ў тым ліку з беларускай тэрыторыі.
Сяргей Крот belsat.eu
The post Вайсковы эксперт: «Шайгу прывёз пасланне ад Пуціна» appeared first on belsat.eu.
#Беларусь
Comments
No comments yet. Be the first to react!