Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 7 снежня

Расейцы заявілі пра захоп Якаўлеўкі на Данеччыне.

«Белсат» падводзіць вынікі 287-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 7 снежня чытайце ў нашым аглядзе.

Сітуацыя на беларуска-ўкраінскім памежжы цягам апошніх содняў застаецца адносна спакойнаю, прыкметаў фармавання наступальных груповак расейцаў не назіраецца. Між тым Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны заяўляе пра павелічэнне незадаволенасці сярод вайскоўцаў і памежнікаў РБ сваім ваенна-палітычным кіраўніцтвам праз пагрозу ўцягнення краіны ў вайну.

На поўначы Чарнігаўскай, Сумскай і Харкаўскай вобласцяў Узброеныя сілы РФ абстрэльваюць з артылерыі памежныя населеныя пункты Украіны. Тым часам на тэрыторыі Белгародскай вобласці РФ узводзяцца абарончыя збудаванні і ствараюцца так званыя атрады самаабароны. У выведцы Вялікай Брытаніі мяркуюць, што робіцца гэта для таго, каб «распаліць патрыятызм» сярод расейцаў.

Па лініі фронту ў паўночна-ўсходняй частцы Харкаўскай вобласці, а таксама на захадзе Луганскай працягваюцца пазіцыйныя баі.

Міністэрства абароны РФ паведамляе пра артылерыйскія ўдары па жывой сіле і тэхніцы ЗСУ ў ваколіцах населеных пунктаў Альшанка, Кіслоўка, Бераставое і Навасёлаўскае, у выніку чаго былі сарваныя ўкраінскія атакі. Таксама расейскае камандаванне заяўляе пра заняцце войскамі РФ больш зручных пазіцыяў на паўднёвым захадзе Луганшчыны.

Тэлеграм-канал «Рыбарь» сцвярджае, што ЗСУ працягваюць штурм расейскіх пазіцыяў у сяле Плашчанка, а таксама ўчастку дарогі Макееўка – Плашчанка з мэтай далейшага выхаду да Краснарэчанскага. Каля Чырвонапапоўкі назіраюцца сустрэчныя баі.

Супрацоўнікі хуткай дапамогі вядуць параненую жанчыну ў шпіталь. Бахмут, Данецкая вобласць, Украіна. 17 лістапада 2022 года. Фота: Белсат

Генштаб ЗСУ піша пра адбіццё расейскай атакі каля Белагораўкі.

На тэрыторыі Данецкай вобласці працягваюць наступаць насейскія вайскоўцы. Генштаб ЗСУ паведамляе пра адбіццё атак праціўніка каля Верхнякаменскага, Спірнага, Якаўлеўкі, Бахмуту, Белай Гары, Курдзюмаўкі, Новабахмутаўкі. Мар’інкі і Новаміхайлаўкі.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць пра атаку на пазіцыі ЗСУ каля Краснагораўкі, Якаўлеўкі і Салядару. Таксама Пегаў адзначае цяжкія баі на ўсходніх ускрайках Бахмуту.

Аналітыкі праекту Deepstatemap адзначаюць нязначныя поспехі расейцам на ўсходзе Бахмуту, а таксама працяг баёў на ўсходзе і поўдні гораду. Акрамя гэтага назіраецца актывізацыя праціўніка каля Белагораўкі, Первамайскага і Невельскага. У Мар’інцы расейскія войскі намагаюцца прасунуцца да цэнтру гораду.

Між тым яшчэ адзін расейскі ваенкор Яўгеній Паддубны заяўляе пра захоп сіламі ПВК «Вагнер» сяла Якаўлеўка ў Бахмуцкім раёне.

У гэты ж час Мінабароны Расеі піша пра спробы контратакаў ЗСУ каля населеных пунктаў Першага Траўня, Курдзюмаўка, Кляшчэеўка, Маёрск, Новамаёрскае, Уладзіміраўка і Новапаль.

Сітуацыя па лініі фронту ў Запарожскай вобласці застаецца нязменнай. Абодва бакі канфлікту не праводзяць наземных аперацыяў, пры гэтым назіраецца абмен артылерыйскімі ўдарамі.

Паводле ўкраінскага камандавання, у Херсонскай вобласці расейцы вядуць абарону і спрабуе ўзмацніць групоўкі сваіх войскаў. Між тым за папярэднія содні войскі РФ здзейснілі 51 абстрэл Херсоншчыны, у выніку чаго пацярпелі жылыя дамы і аб’екты грамадзянскай інфраструктуры.

Тым часам кіраўнік Мікалаеўскай абласной ваеннай адміністрацыі Віталій Кім паведаміў, што расейцы не могуць завесці на тэрыторыю Кінбурнскай касы дадатковую тэхніку і асабовы склад, паколькі ўсе заезды на апошнюю акупаваную частку рэгіёну кантралююцца ЗСУ. Між тым расейскія крыніцы абвяргаюць гэтую інфармацыю.

Агулам за папярэднія содні расейцы нанеслі 10 ракетных і 33 авіяцыйныя ўдары па тэрыторыі Украіны, а таксама здзейснілі 75 абстрэлаў з рэактыўных сістэмаў залпавага агню. Акрамя гэтага ўначы з 6 на 7 снежня расейцы зноў атакавалі Украіну дронамі-камікадзэ «Shahed-136/131». Усяго выявілі 14 беспілотнікаў, якія ляцелі з паўднёва-ўсходняга напрамку. Усе яны былі знішчаныя.

Таксама Генштаб ЗСУ паведаміў, што ў выніку баявых дзеянняў за мінулыя содні было знішчана каля 540 расейскіх вайскоўцаў, пасля чаго агульныя беззваротныя страты РФ дасягнулі 92 740 чалавек.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

ВК belsat.eu 

The post Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 7 снежня appeared first on belsat.eu.

#Беларусь