Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 6 снежня

«Белсат» падводзіць вынікі 286-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 6 снежня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінская ваенная тэхніка вядзе агонь. Фота: Фэйсбук Міністэрства абароны Украіны / facebook

Па лініі фронту ў Харкаўскай і Луганскай вобласцях працягваюцца пазіцыйныя баі. Міністэрства абароны РФ піша пра зрыў украінскай атакі ў кірунку населенага пункту Курдзюмаўка, а таксама пра наступ Узброеных сілаў Расеі ў бок Ліману, у выніку чаго былі занятыя больш зручныя пазіцыі.

Між тым аналітыкі праекту Deepstate адмаўляюць змены ў лініі фронту на гэтым участку, а таксама паведамляюць пра баі за населены пункт Навасёлаўскае.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў піша пра сустрэчныя баі каля Жытлоўкі і Чырвонапапоўкі, а таксама пра барацьбу за ўчастак трасы Р-66.

Найбольш інтэнсіўныя баі па-ранейшаму ідуць на тэрыторыі Данецкай вобласці, дзе наступаюць расейскія войскі, а Збройныя сілы Украіны вядуць актыўную абарону з частымі контратакамі.

Генеральны штаб ЗСУ паведамляе пра адбіццё атак праціўніка каля населеных пунктаў Верхнякаменскае, Бахмут, Андрэеўка, Якаўлеўка, Салядар, Курдзюмаўка і Краснагораўка.

Аналітыкі Deepstatemap фіксуюць цяжкія баі па ўсёй лініі фронту на бахмуцкім кірунку, а таксама лакальна на аўдзееўскім. Пры гэтым пра змены на фронце не паведамляецца, але пры гэтым у праекце пішуць, што сітуацыя ў сяле Якаўлеўка Бахмуцкага раёну патрабуе ўдакладнення.

Сямён Пегаў піша, што расейцы намагаюцца праціснуць украінскую абарону каля Вопытнага, а таксама на ўсходніх ускрайках Бахмуту. У ваколіцах Салядару расейцы вядуць штурмавыя дзеянні каля Якаўлеўкі і Белагораўкі, намагаючыся ўзяць пад свой кантроль участак мясцовай ракады.

Між тым міністр абароны РФ Сяргей Шайгу адсправаздачыўся па сітуацыі на Данбасе. Паводле яго, за апошні час Узброеныя сілы Расеі захапілі населеныя пункты Маёрск, Паўлаўка, Вопытнае, Андрэеўка, Белагораўка і Курдзюмаўка.

У сваю чаргу Збройныя сілы Украіны контратакавалі каля Спірнага, Курдзюмаўкі, Мар’інкі і Уладзіміраўкі.

Паводле Генштабу ЗСУ, па лініі фронту ў Запарожскай і Херсонскай вобласцях расейцы абараняюцца. У гэты ж час расейскае камандаванне піша пра атаку ЗСУ каля населенага пункту Навадараўка. Таксама праціўнікі працягваюць наносіць узаемныя артылерыйскія ўдары.

Тым часам у самой Расеі ўночы 6 снежня беспілотнік атакаваў аэрадром у Курскай вобласці. Паводле мясцовага губернатара Рамана Старавойта, у выніку атакі ў ваколіцах аэрадрому загарэўся нафтаназапашвальнік, але пажар быў ліквідаваны. Між тым відавочцы паведамляюць, што атака справакавала маштабнае ўзгаранне. Агонь з аэрадрому быў бачны жыхарам некалькіх раёнаў гораду.

Таксама 6 снежня адбыўся чарговы абмен ваеннапалоннымі – гэтым разам у фармаце 60 на 60.

Украінскае камандаванне паведаміла, што за содні было знішчана каля 510 расейскіх вайскоўцаў, у выніку чаго агульныя беззваротныя страты РФ дасягнулі 92 200 чалавек.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Hавiны

Гіркін раскрытыкаваў расейскую армію і вярнуўся з фронту ў Маскву

2022.12.06 17:52

ВК belsat.eu 

The post Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 6 снежня appeared first on belsat.eu.


#Беларусь