Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 5 снежня

«Белсат» падводзіць вынікі 285-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 5 снежня чытайце ў нашым аглядзе.

Пажар у адным з раёнаў гораду. Бахмут, Данецкая вобласць, Украіна. 29 кастрычніка 2022 года. Фота: Белсат

На тэрыторыі паўночна-ўсходняй частцы Харкаўскай вобласці, а таксама на захадзе Луганскай працягваюцца пазіцыйныя баі. Міністэрства абароны РФ піша зрывы атак Збройных сілаў Украіны ў кірунку населеных пунктаў Чырвонапапоўка і Жытлоўка. Генеральны штаб ЗСУ ў сваю чаргу паведамляе пра адбіццё атак праціўніка каля Белагораўкі і Плашчанкі. Расейскі ваенкор Сямён Пегаў заўважае, што каля Чырвонапапоўкі і Плашчанкі ішлі сустрэчныя баі. Інтэрактыўны праект вайны ва Украіне Deepstatemap сцвярджае, што баі працягваюцца каля Навасёлаўскага ў Сватаўскім раёне, якое напалову кантралюецца Узброенымі сіламі РФ.

Больш інтэнсіўныя баявыя дзеянні праходзяць на лініі фронту ў Данецкай вобласці, дзе ініцыятыва па-ранейшаму захоўваецца за расейцамі. Генштаб ЗСУ піша пра адбіццё атак праціўніка ў ваколіцах Бераставога, Белагораўкі, Якаўлеўкі, Салядару, Бахмуцкага, Бахмуту, Вопытнага, Кляшчэеўкі, Андрэеўкі, Мар’інкі і Новаміхайлаўкі. Пры гэтым Deepstatemap і Сямён Пегаў адзначаюць працяг гарадскіх баёў у Бахмуце і Мар’інцы адпаведна.

Аналітыка

Рызыка ўступлення Беларусі ў вайну павялічваецца?

2022.12.05 17:49

Тэлеграм-канал «Рыбарь» сцвярджае, што расейцы праціснулі першую лінію абароны ЗСУ на паўднёвым усходзе Бахмуту, а таксама ў Вопытным. Прычым у апошнім населеным пункце працягваюцца вулічныя баі. Таксама крыніца адзначае невялікія поспехі войскаў РФ каля Якаўлеўкі, Белагораўкі і Тарэцкага.

Збройныя сілы Украіны ў сваю чаргу намагаліся контратакаваць каля Нікольскага на навапаўлаўскім кірунку, у бок мястэчка Паўночнае на бахмуцкім, а таксама паміж Первамайскім і Вадзяным на аўдзееўскім кірунку.

Сітуацыя на фронце ў Запарожскай, Херсонскай і Мікалаеўскай вобласцях застаецца нязменнай: ніводны з бакоў канфлікту не паведамляе аб правядзенні наземных аперацыяў, пры гэтым праціўнікі працягваюць абменьвацца артылерыйскімі ўдарамі.

Тым часам у самой Расеі ранкам 5 снежня была здзейсненая атака беспілотніка на аэрадром Энгельс у Саратаўскай вобласці. У выніку ўдару былі пашкоджаныя два самалёты, а таксама пацярпелі некалькі вайскоўцаў.

У гэты ж час адбыўся выбух бензавозу на аэрадроме ў Разанскай вобласці РФ, у выніку якога тры чалавекі загінулі і яшчэ шасцёра атрымалі раненні.

Афіцыйны Кіеў ускосна прызнаў, што мае датычнасць да выбухаў на аэрадромах у Саратаўскай і Разанскай вобласцях Расеі. Прынамсі пра гэта згадаў дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк, які ўбачыў сувязь паміж расейскімі ўдарамі па краіне і гэтымі здарэннямі.

Ужо ўвечары 5 снежня, імаверна, у адказ на выбухі на сваіх аэрадромах, Расея нанесла чарговы масіраваны ракетны ўдар па тэрыторыі Украіны. Паводле папярэдняй інфармацыі, было выпушчана каля 100 ракетаў па энергетычнай сістэме краіны, таксама ёсць інфармацыя пра забітых і пацярпелых сярод мірнага насельніцтва.

Пажар у адным з раёнаў гораду. Бахмут, Данецкая вобласць, Украіна. 27 кастрычніка 2022 года. Фота: Белсат

Паводле Генштабу ЗСУ, цягам апошніх содняў было знішчана каля 540 расейскіх вайскоўцаў, пасля чаго агульныя беззваротныя страты РФ дасягнулі 91 690 чалавек.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

ВК belsat.eu 

The post Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 5 снежня appeared first on belsat.eu.


#Беларусь