Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 4 снежня

«Белсат» падводзіць вынікі 284-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі на вечар 4 снежня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінская вайсковая тэхніка вядзе агонь. Фота: Фэйсбук Міністэрства абароны Украіны 

Цягам апошніх содняў у паўночна-ўсходняй частцы Харкаўскай вобласці, а таксама на захадзе Луганскай трывалі пазіцыйныя баі, адноснай ініцыятывай у якіх валодалі Збройныя сілы Украіны.

Міністэрства абароны РФ паведаміла пра зрыў атак ЗСУ ў кірунку Кузэмаўкі і Ягіднага, а таксама пра адбіццё ўкраінскіх атак каля Плашчанкі, Чырвонапапоўкі і Жытлоўкі. Расейскі ваенны карэспандэнт Сямён Пегаў сцвярджае, што ўчорашні поспех украінскіх сілаў у ваколіцах Крэмінной быў зліквідаваны, а ЗСУ адкінутыя на старыя пазіцыі. Інтэрактыўная мапа вайны ва Украіне «Deepstatemap» пацвярджае поспехі расейцаў на поўначы ад Крэмінной.

У сваю чаргу ўкраінскі Генеральны штаб заявіў пра адбіццё атак праціўніка каля Плашчанкі і Белагораўкі.

Між тым аналітыкі праекту «Deepstatemap» удакладнілі сітуацыю ў Навасёлаўскім Сватаўскага раёну. Паводле крыніцы, у сяле ўсё яшчэ трываюць баі, а расейцы кантралююць толькі яго заходнюю частку. 

Па лініі фронту ў Данецкай вобласці ініцыятыва захоўваецца за Узброенымі сіламі РФ, якія ў асноўным атакуюць на аўдзееўскім і бахмуцкім кірунках. Генеральны штаб ЗСУ піша пра адбіццё атак праціўніка каля Бераставога, Белагораўкі, Якаўлеўкі, Салядару, Бахмуцкага, Бахмуту, Вопытнага, Кляшчэеўкі, Андрэеўкі, Курдзюмаўкі, Вадзянога, Первамайскага, Вясёлага, Мар’інкі і Новаміхайлаўкі.

Сямён Пегаў паведамляе, што расейцы атакавалі каля Краснагораўкі і Невельскага, а ў Мар’інцы трываюць гарадскія баі.

Паводле «Deepstatemap», войскі РФ занялі групу шматпавярховікаў на вуліцы Патрыса Лумумбы ў Бахмуце.

У гэты ж час Збройныя сілы Украіны намагаліся прарваць расейскую лінію абароны ў Паўлаўцы і каля Шаўчэнкава на паўднёвым участку фронту на Данбасе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі вайсковец. Фота: Фэйсбук Міністэрства абароны Украіны 

Па лініі фронту ў Запарожскай вобласці ніводны з бакоў канфлікту не праводзіў наземных аперацыяў. Пры гэтым праціўнікі абменьваюцца артылерыйскімі ўдарамі. Кіраўнік Запарожскай абласной вайсковай адміністрацыі Аляксандр Старух заявіў, што ўночы 4 снежня ў выніку контрбатарэйнай барацьбы расейцы страцілі забітымі і параненымі каля 300 вайскоўцаў. Паводле Старуха, гэты ўдар стаў адказам праціўніку за абстрэлы ўкраінскіх мясцовасцяў.

На фронце ў Херсонскай і Мікалаеўскай вобласцях сітуацыя застаецца адносна стабільнаю. Пры гэтым 3 снежня вайскоўцы ЗСУ ўзнялі ўкраінскі сцяг на дняпроўскім востраве, што насупраць Херсону. Фармальна гэтую тэрыторыю можна назваць левабярэжжам, аднак аналітыкі «Deepstatemap» мяркуюць, што пра з’яўленне плацдарму на ўсходзе ад Дняпра казаць зарана.

Паводле Генштабу ЗСУ, за содні былі знішчаныя да 550 расейскіх вайскоўцаў, пасля чаго агульныя беззваротныя страты РФ дасягнулі 91 150 чалавек.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйных паведамленняў удзельнікаў вайны.

Агляд

«50 гадзін без вады і святла». Як і навошта Расея знішчае энергетыку Украіны, і што з гэтым рабіць

2022.12.04 08:00

ВК belsat.eu

The post Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 4 снежня appeared first on belsat.eu.


#Беларусь