Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 3 снежня

«Белсат» падводзіць вынікі 283-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 3 снежня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жаўнеры 24-й механізаванай брыгады ўкраінскай арміі страляюць з артылерыі ля Бахмуту, Украіна. 3 снежня 2022 года. Фота: Leah Millis / Reuters / Forum

Цягам апошніх содняў узнавіліся актыўныя баявыя дзеянні ў паўночна-ўсходняй частцы Харкаўскай вобласці і на захадзе Луганскай. Паводле праекту Deepstatemap, Збройным сілам Украіны ўдалося часткова ці цалкам выбіць праціўніка з сяла Ягаднае ў Купянскім раёне. Расейскі ваенкор Сямён Пегаў паведамляе, што ЗСУ таксама змаглі прасунуцца на поўначы ад Крэмінной, выйшаўся да сяла Чырвонапапоўка. У выніку частка трасы Р-66, якая злучае гарады Крэмінная і Сватава, аказалася ў так званай шэрай зоне.

Поспехі ўкраінцаў пад Крэмінной пацвердзіў і кіраўнік Луганскай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Гайдай. Паводле яго, ЗСУ актывізаваліся з прыходам халадоў, і цяпер расейцам не ўтрымаць горад. Таксама Гайдай мяркуе, што пасля Крэмінной пачнецца вызваленне суседняга гораду Рубежнае.

Акрамя гэтага цягам содняў украінскія сілы атакавалі каля населеных пунктаў Куземаўка, Каламыйчыха і Жытлоўка ў Луганскай вобласці.

У сваю чаргу Узброеныя сілы РФ контратакавалі каля Чырвонапапоўкі, а таксама захапілі Навасёлаўскае ў Сватаўскім раёне.

Па лініі фронту ў Данецкай вобласці ініцыятыва захоўваецца за расейскімі вайскоўцамі, дзе яны наступаюць на бахмуцкім і аўдзееўскім кірунках. Генеральны штаб ЗСУ паведамляе пра адбіццё атак праціўніка каля Салядару, Вопытнага, Невельскага, Краснагораўкі і Мар’інкі.

Тым часам выведка Вялікай Брытаніі прыйшла да высновы, што расейцы будуць працягваць наступаць каля Бахмуту, намагаючыся атачыць горад з поўначы і поўдня. Пры гэтым сам захоп населенага пункту з’яўляецца ў першую чаргу палітычнай задачай, паколькі слаба паўплывае на ход баявых дзеянняў у рэгіёне. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Родныя і блізкія абаронцаў Марыупалю, «Азоўсталі» і вайскоўцаў 24-й механізаванай брыгады Збройных сілаў Украіны праводзяць акцыю ў падтрымку тых, хто амаль 7 месяцаў знаходзіцца ў расейскім палоне ці знік без вестак. Львоў, Украіна. 3 снежня 2022 года. Фота: Olena Znak / Anadolu Agency / abacapress.com / Forum

Між тым Збройныя сілы Украіны паступова пачынаюць браць пад кантроль сітуацыю і на гэтым участку фронту, чаму спрыяе прыбыццё рэзерваў з вызваленых тэрыторыяў Херсонскай вобласці. Ваенны эксперт Раман Світан упэўнены, што расейцы не змогуць захапіць Бахмут. 

Таксама цягам содняў ужо ЗСУ контратакавалі каля Андрэеўкі, Курдзюмаўкі, Аўдзееўкі, Мар’інкі, Салодкага, Шаўчэнкі і Новамаёрскага. Пегаў дадае яшчэ ўкраінскія атакі ў ваколіцах Вопытнага і Пяскоў.

Лінія фронту ў Запарожскай, Херсонскай і Мікалаеўскай вобласцях застаецца нязменнай – абодва бакі канфлікту засяродзіліся на нанясенні артылерыйскіх удараў па пазіцыях праціўніка.

Тым часам выданне Медуза, са спасылкай на свае крыніцы, піша, што расейскія войскі могуць пакінуць Запарожскую АЭС у абмен на гарантыі бесперабойнага транзіту нафты і газу праз тэрыторыю Украіны. Пры гэтым самую станцыю могуць перадаць пад кантроль Кіева або МАГАТЭ.

Генштаб ЗСУ паведамляе, што за содні было знішчана каля 510 расейскіх вайскоўцаў, у выніку чаго агульныя беззваротныя страты РЫФ дасягнулі 90 600 чалавек.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

ВК belsat.eu 

The post Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 3 снежня appeared first on belsat.eu.


#Беларусь