Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 1 снежня

«Белсат» падводзіць вынікі 281-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 1 снежня чытайце ў нашым аглядзе.

Вышгарад, Кіеўская вобласць, Украіна, 30 лістапада 2022 г. Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum

Мінулыя содні вайны ва Украіне адзначыліся працягам пазіцыйных баёў у паўночна-ўсходняй частцы Харкаўскай вобласці, а таксама на захадзе Луганскай. Міністэрства абароны РФ паведаміла пра зрыў украінскіх атак у ваколіцах населеных пунктаў Кузэмаўка і Чырвонапапоўка. Расейскі вайсковы карэспандэнт Сямён Пегаў піша, што Збройныя сілы Украіны імкнуцца перарэзаць адцінк трасы Р-66.

Украінскі бок, у сваю чаргу, адбіў расейскія атакі каля Навасёлаўскага, Стэльмахоўкі і Белагораўкі.

Па лініі фронту ў Данецкай вобласці расейскія войскі працягваюць наступаць на Бахмуцкім і Аўдзееўскім кірунках. Генеральны штаб ЗСУ піша пра адбіццё атак праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Белагораўка, Якаўлеўка, Бахмут, Курдзюмаўка, Краснагораўка, Каменка, Вадзяное, Первамайскае і Мар’інка.

Сямён Пегаў гаворыць, што баі ідуць таксама каля Невельскага і Спорнага, а таксама ў цэнтральнай частцы Мар’інкі. Прычым вайсковы карэспандэнт адзначае, што ЗСУ ўпэўнена трымаюць абарону ў горадзе.

Тым часам Мінабароны Расеі заявіла пра поўны захоп мястэчка Андрэеўка на поўдзень ад Бахмуту.

Інтэрактыўная мапа вайны ва Украіне «Deepstatemap» фіксуе захоп расейцамі Зеленапілля, а таксама штурм войскамі РФ Вопытнага.

Збройныя сілы Украіны цягам содняў контратакавалі каля Новаміхайлаўкі і Уладзіміраўкі на паўднёвым адцінку фронту ў Данецкай вобласці, а таксама адсунулі расейцаў на ўсход у Первамайскім.

У Запарожскай вобласці расейцы вядуць абарону. Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Аляксей Арэстовіч гаворыць, што ў рэгіёне ідуць баі мясцовага значэння.

Тэлеграм-канал «Рыбарь» піша, што ЗСУ нарошчваюць групоўку войскаў і праводзяць баявое зладжванне. Паводле крыніцы, наступ на Запарожжы пачнецца адразу пасля паляпшэння ўмоваў надвор’я.

Лекары працуюць з тэлефоннымі ліхтарыкамі пасля адключэння электрычнасці ў Кіеве, Украіна, 30 лістапада. Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum

Наземныя аперацыі цягам содняў не праводзіліся па лініі фронту ў Херсонскай і Мікалаеўскай вобласцях. Пры гэтым працягваюцца ўзаемныя артылерыйскія абстрэлы ўздоўж Дняпра, у якіх адноснай перавагай валодаюць ЗСУ, паколькі ў іх ёсць больш дальнабойная і дакладная артылерыя. Акрамя гэтага, украінскае камандаванне паведамляе пра колькаснае змяншэнне расейскіх войскаў у Херсонскай вобласці.

Таксама 1 снежня адбыўся чарговы, ужо чацвёрты за дэкаду абмен ваеннапалоннымі. Гэтым разам ён праходзіў у фармаце 50 на 50

Паводле Генштабу ЗСУ, за содні было знішчана каля 560 расейскіх вайскоўцаў, у выніку чаго агульныя беззваротныя страты РФ дасягнулі 89 440 чалавек.

Тым часам Аляксей Арэстовіч агучыў лік беззваротных стратаў сілаў абароны Украіны. Паводле дарадцы, колькасць загінулых з моманту пачатку поўнамаштабнай вайны вагаецца ў дыяпазоне ад 10 да 20 тысяч вайскоўцаў.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

ВК belsat.eu

The post Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 1 снежня appeared first on belsat.eu.


#Беларусь