У Беларусі ізноў мяняюць правілы прыёму ў ВНУ і ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Якімі яны будуць, стане дакладна вядома пасля апублікавання напрыканцы года. Але прыблізны змест пераменаў ужо вядомы, бо іх абмеркавалі 2 снежня падчас нарады з удзелам Аляксандра Лукашэнкі, аб чым паведамляе БелТА.
Пасля нарады міністр адукацыі Андрэй Іванец паведаміў, што выпускнікі 11 класаў будуць здаваць два цэнтралізаваныя экзамены (ЦЭ): адзін, абавязковы – па рускай альбо беларускай мове, другі – змогуць выбраць самі з прапанавагана спісу (там прадметы, па якіх раней праводзіліся ЦТ). Тым, хто будзе паступаць у ВНУ, прапануюць здаваць адзін дадатковы экзамен у форме ЦТ. Паводле міністра, рашэнне прынята падчас нарады. У выніку, як растлумачыў Іванец, залічэнне ва ўніверсітэты будзе праводзіцца па выніках двух ЦЭ, аднаго дадатковага іспыту ў выглядзе ЦТ і з улікам сярэдняга балу атэстата, «што дазволіць ацаніць і агульны узровень ведаў».
Яшчэ адно новаўвядзенне звязана з арганізацыяй цэнтралізаваных іспытаў. Міністэрства адукацыі прапануе праводзіць іх за межамі школ. У буйных гарадах і раёнах ужо вызначаны месцы для гэтага. Прымаць іспыт будуць у аўдыторыях каледжаў і ўніверсітэтаў. Паколькі не ў кожным населеным пункце ёсць гэтыя навучальныя ўстановы, частку школьнікаў давядзецца падвозіць для здачы экзамену ў іншыя раёны або гарады. Паводле слоў Андрэя Іванца, па краіне вызначаны 93 пункты для здачы цэнтралізаванага экзамену. Некаторыя з іх будуць дзейнічаць як міжраённыя. «Улічваючы, што сёння ў нас каля 60 тысяч школьнікаў знаходзяцца на падвозе ў сельскай мясцовасці, выезд на цэнтралізаваны іспыт дадатковага стрэсу не створыць», – перакананы міністр.
Аб тым, як можа быць арганізаваны працэс, расказала першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкаму Алена Багдановіч на прыкладзе пробнага іспыту, праведзенага восенню на базе Гарадоцкага аграрна-тэхнічнага каледжа. Апроч мясцовых навучэнцаў туды прывезлі таксама навучэнцаў з Шумілінскага раёну. Паводле выбару навучэнцаў, самымі палярнымі прадметамі сталі біялогія, матэматыка і англійская мова.
«Хлопцы і дзяўчаты па пропусках, пашпартах праходзяць на пункт цэнтралізаванага экзамену, глядзяць свой прадмет на стэндзе і нумар аўдыторыі – гэта таксама выпадковы выбар. Аўдыторыю выбірае машына. Выпускнік праходзіць у аўдыторыю, там працуюць тры педагогі. Калі гэта, напрыклад, матэматыка, то там будуць працаваць педагогі-гуманітарыі. Задача педагога ў аўдыторыі – правесці інструктаж з рабятамі, расказаць, як запаўняць бланкі адказаў. Два іншых адказных правяраюць па пашпартах, ці тыя дзеці прыйшлі. Ідзе лёсаванне месцаў. Затым аргкамісія разносіць пакеты заданняў, і на працягу адведзенага часу рабяты працуюць. Здалі працу – мы ўсё гэта ў канверты спакавалі і здалі аргкамісіі», – распавяла аб ходзе правядзення іспыту Алена Багдановіч.
Ацэньваюцца работы ў Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў. Бланкі адказаў, як і пасля цэнтралізаванага тэсціравання, праверыць кампʼютар. Затым атрыманая адзнака з улікам гадавой выстаўляецца ў атэстат выпускніка.
Што тычыцца тэрмінаў уступнай кампаніі 2023 года, то паводле міністра адукацыі яны будуць выглядаць так: у лютым – сакавіку 2023 года пройдуць універсітэцкія і рэспубліканскія этапы прадметных алімпіяд, пераможцы якіх атрымалі права на залічэнне ў ВНУ без выпрабаванняў. Адпаведна, у гэты часавы перыяд будзе праведзена іх залічэнне ў ВНУ. Далей з 14 па 21 мая, да заканчэння навучальнага года, пройдуць цэнтралізаваныя іспыты. Да 12 чэрвеня – залічэнне на мэтавую форму падрыхтоўкі.
«Чаму гэта так важна? Мінулая ўступная кампанія паказала: калі адначасова ідзе прыём дакументаў на мэтавую форму падрыхтоўкі і на бюджэтныя месцы, калі малады чалавек бачыў, што ў яго дастатковая колькасць балаў для паступлення на бюджэт, ён мог забраць дакументы з мэтавай формы падрыхтоўкі і перайсці на звычайнае навучанне», – растлумачыў міністр. Ён мяркуе, што з улікам прапанаваных тэрмінаў правядзення ўступнай кампаніі выбар мэтавай формы падрыхтоўкі «будзе больш свядомым».
Неабавязковы іспыт у форме цэнтралізаванага тэсціравання, які патрэбны выпускнікам для паступлення ў профільную ВНУ, можна будзе здаць пасля 12 чэрвеня. Далей залічэнне ў ВНУ пройдзе ў тыя ж тэрміны, што і ў мінулым годзе.
Па выніках гэтага абмеркавання Аляксандр Лукашэнка даручыў усё аформіць у адзіны дакумент і апублікаваць яго да канца года, «узважыўшы ўсе за і супраць». Пры гэтым напачатку нарады ён літаральна заявіў, што пастаянныя рэфармаванні сферы адукацыі павінны быць спынены, апроч падрыхтоўкі падручнікаў: «Пастаянныя рэфармаванні і ўдасканаленні пасля сённяшняга абмеркавання павінны быць спынены! Акрамя падручнікаў, якія вы будзеце ўдасканальваць, рэфармаваць, новыя пісаць, старыя мадэрнізаваць».
Галоўная прычына такога патрабавання – абурэнні людзей зменамі правілаў гульні, што ніяк не могуць усталявацца. «Наогул, гэта ўжо абурае нашых людзей. І мяняць правілы гульні пастаянна нельга. Давайце, нарэшце, паставім кропку ў гэтай размове і пачнём карпатлівую работу», – цытуе Лукашэнку БелТА
У выніку нарада цалкам была прысвечана абмеркаванню чарговых зменаў у практыцы навучання і гэтыя змены не канчатковыя, бо Лукашэнка напрыканцы зрабіў рэмарку: «Калі будуць альтэрнатыўныя думкі, я павінен іх пачуць».
Антон Тачняк belsat.eu
The post Будзе і ЦТ, і ЦЭ. У Беларусі ізноў мяняюць правілы прыёму ў ВНУ appeared first on belsat.eu.
#Беларусь
Comments
No comments yet. Be the first to react!