Бабарыку перавялі на выпальванне вугалю, Золатаву і Чэкіну хутка будуць судзіць. Хроніка рэпрэсіяў 1 снежня

«Белсат» штодня працягвае фіксаваць факты рэпрэсіяў беларусаў рэжымам Лукашэнкі. 

Марыя Калеснікава, якая са штрафнога ізалятару трапіла ў рэанімацыю, паціху крыяе. Бацьку палітзняволенай Аляксандру Калеснікаву 1 снежня ўдалося даведацца ў дактароў, як Марыя сёння сябе адчувае – ёй лепш. З рэанімацыі яе перавялі ў першае хірургічнае аддзяленне. Калеснікава ведае ад дактароў свой дыягназ, а таксама тое, што і як аперавалі. Бацьку ж дыягназу не паведамілі.

Былы кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка, якога асудзілі на 14 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, атрымаў новую працу. У Наваполацкай калоніі палітвязень выпальвае драўняны вугаль. Поўны працоўны дзень у палітвязня працягваецца 9 гадзінаў. У выніку 6 дзён на працягу тыдня ён працуе на вуліцы, без доступу да памяшкання, дзе была б магчымасць сагрэцца падчас змены. Родныя палітыка звяртаюць увагу, што такую працу палітыку прызначылі нягледзячы на медычныя супрацьпаказанні. Раней Віктар Бабарыка працаваў укладчыкам хлебабулачных вырабаў. У памяшканні, дзе ён працаваў, не было вентыляцыі, а тэмпература перакрочвала +30 градусаў.

У Менскім гарадскім судзе распачалі разглядаць крымінальную справу супраць журналіста «Комсомольской правды» Генадзя Мажэйкі. Палітвязня абвінавачваюць у абразе Лукашэнкі і распальванні сацыяльнай варожасці. Віны журналіст не прызнаў. Пракурор падчас зачытвання абвіначвання ўдакладніў, што «Мажэйка, праяўляючы амаральную цікавасць да экстрэмісцкай дзейнасці, з’яўляючыся яе прыхільнікам, дзейнічаючы па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці, у перыяд з 23 чэрвеня 2020 года да кастрычніка 2021 года ўчыніў шэраг злачынстваў». Сярод гэтых «злачынстваў» каментары ў сеціве, а таксама нібыта журналіст ладзіў агітацыю супраць існай улады.

Галоўнае следчае ўпраўленне Следчага камітэту паведамляе, што ў парадку спецыяльнай вытворчасці следчыя завяршылі папярэдняе расследаванне ў дачыненні да Святланы Ціханоўскай, Паўла Латушкі, Вольгі Кавальковай, Сяргея Дылеўскага, Марыі Мароз – прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады. Крымінальную справу перадалі ў Генеральную пракуратуру для накіравання ў суд. Па справе прызначылі адвакатаў. Спецыяльнае вядзенне прадугледжвае судовае паседжанне без прысутнасці абвінавачанага. Палітыкі прапаноўвалі прысутнічаць на судзе праз відэасувязь, але чыноўнікі гэтага не пажадалі.

Сілавікі затрымалі яшчэ аднаго чалавека, які пакінуў каментар пасля смерці Уладзіміра Макея. Паведамляецца, што мужчына прызнаўся ва ўдзеле ў акцыях пратэсту 2020 года, пакідаў «цынічныя абразы і заклікаў да гвалту і ўкраінскай агрэсіі супраць Беларусі». Пасля пахавання міністра замежных справаў Уладзіміра Макея байцы ГУБАЗіК распаўсюдзілі інфармацыю, што нібыта выявілі больш за 20 асобаў, якія жывуць у Беларусі і напісалі абразлівыя каментары. Таксама нібыта яны высветлілі і каля 50 асобаў, якія перабываюць за межамі Беларусі – сілавікі абяцаюць ім «цёплы прыём па вяртанні».

Стала вядома, што судзіць былога генеральнага дырэктара «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» Людмілу Чэкіну і галоўнага рэдактара TUT.BY Марыну Золатаву будуць у Менскім гарадскім судзе, куды перададзены матэрыялы справы. Але пакуль што у раскладзе суда даты першага паседжання няма. Чэкіну і Золатаву будуць судзіць кожную па трох артыкулах КК Беларусі, па якіх ім пагражае зняволенне ад пяці да 12 гадоў. Яны знаходзяцца ў СІЗА з моманту свайго затрымання ў Менску 18 мая 2021 года. КДБ уключыў іх у спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці». Абедзве прызнаныя палітвязнямі.

Абаронцы інтарэсаў вядомых палітвязняў, адвакаты Уладзімір Пыльчанка і Віктар Мацкевіч не атэставаныя, іх могуць пазбавіць ліцэнзіі на прафесійную дзейнасць. 1 снежня адвакаты былі выкліканы на пазачарговую атэстацыю і кваліфікацыйная камісія Міністэрства юстыцыі іх не атэставала. Уладзімір Пыльчанка зʼяўляецца адвакатам Марыі КалеснікавайЭдуарда БабарыкіІрыны СлаўнікавайКацярыны БахвалавайЛевона Халатрана і іншых. У сваю чаргу, Віктар Мацкевіч зʼяўляецца адвакатам Сяргея ЦіханоўскагаІгара АліневічаАкіхіра Гаеўскага-ХанадыЯўгена ЮшкевічаВіктара БабарыкіАлеся Бяляцкага.

Разбор

Прэсінг і іншыя катаванні. Навошта рэжым працягвае ціснуць на палітвязняў

2022.12.01 15:20

Антон Тачняк belsat.eu

The post Бабарыку перавялі на выпальванне вугалю, Золатаву і Чэкіну хутка будуць судзіць. Хроніка рэпрэсіяў 1 снежня appeared first on belsat.eu.


#Беларусь