«МТБанк» прыпыняе пераводы ў доларах і еўрах

«МТБанк» паведаміў на сваім сайце аб прыпыненні пераводаў у еўрах з 9 снежня, у доларах – з 22 снежня. 

Рэклама «МТБанку» на будынку ва Уруччы. Менск, Беларусь. Фота: Белсат

З 9 снежня ўступае ў моц абноўлены пералік узнагароджанняў у аперацыях з кліентамі і банкамі-карэспандэнтамі гэтага банку.

«Паважаныя кліенты! Інфармуем вас пра змены ў пераліку ўзнагародаў у аперацыях з кліентамі і банкамі-карэспандэнтамі (далей – пералік узнагародаў), якія ўступаюць у моц з 09.12.2022. Змяненні датычаць часовага прыпынення пераводаў на рахункі ў «Прыёрбанку» у еўрах з 09.12.2022, у доларах ЗША – з 22.12.2022», – адзначаюць у паведамленні на сайце.

«Прыёрбанк» – банк-карэспандэнт, праз рахункі якога «МТБанк» ажыццяўляе сваю міжнародную фінансавую дзейнасць.

Раней паведамлялі, што 26 лістапада «Прыёрбанк», «Тэхнабанк», «Парытэтбанк» і «РРБ-Банк» змянілі правілы міжнародных пераводаў. Гэта датычыць як прыёму, гэтак і адпраўлення грошай. Прычыны новаўвядзенняў не называліся. Пасля некаторыя з банкаў («Тэхнабанк» і «Парытэтбанк») аднавілі SWIFT-пераводы, але ў іншых («Парытэтбанк» і «РРБ-Банк») абмежаванні засталіся.

Hавiны

Адразу некалькі беларускіх банкаў абмежавалі міжнародныя пераводы

2022.11.26 09:07

28 лістапада выданне «Office Life»паведаміла,  што прычыны змяненняў у практыцы валютных пераводаў некаторых беларускіх банкаў «варта шукаць на баку банкаў – карэспандэнтаў беларускіх фінансавых установаў за мяжою». Пры гэтым называліся некалькі версіяў.

Першая з версіяў: у лістападзе некаторыя беларускія банкі вычарпалі ліміты на SWIFT-пераводы, устаноўленыя замежнымі банкамі-партнёрамі. Таму былі ўведзеныя абмежаванні для фізічных асобаў, каб «адсекчы частку пераводаў і даць магчымасць свабодна пераводзіць грошы юрыдычным асобам».

Паводле іншай версіі, замежныя партнёры беларускіх банкаў узнялі тарыфы на абслугоўванне SWIFT-пераводаў, што робіць іх для беларускага боку нявыгаднымі.

«У банкаўскай супольнасці асцерагаюцца магчымага ўвядзення новых абмежаванняў на SWIFT-пераводы ў будучыні. Той факт, што ўмовы адносна іх змяніў у тым ліку і «Прыёрбанк», праз карэспандэнцкі рахунак якога працуюць шмат якія беларускія банкі, можа быць кепскім сігналам для рынку», – паведаміла тады выданне.

Антон Тачняк belsat.eu

The post «МТБанк» прыпыняе пераводы ў доларах і еўрах appeared first on belsat.eu.


#Беларусь