«Зрабіць Канстытуцыю недастаткова». Як рыхтуюць дакументы для Расеі пасля Пуціна

Момант падзення пуцінскага рэжыму невядомы, але да яго рыхтуюцца: расейскія юрысты імкнуцца паспець стварыць мадэль бяспечнай Расеі і ачысціць Канстытуцыю краіны. Доктар юрыдычных навук, прафесар і сябра навуковай рады Свабоднага ўніверсітэту Алена Лук’янава распавяла «Белсату», якія дакументы ў распрацоўцы, хто іх можа прымаць, і кім бы яна сама стала ў славэтнай «Прыўкраснай Расеі Будучыні».

Алена Лук’янава на Трэцяй антываеннай канферэнцыі. 1 снежня 2022 года. Вільня, Літва. Фота: Белсат

– На Трэцяй антываеннай канферэнцыі ў Вільні вы казалі пра падрыхтоўку Канстытуцыі і законаў для будучай свабоднай Расеі. Хто іх прыме?

– Мы зыходзім з таго, што ні ў якога з’езда сёння не хопіць легітымнасці прыняць новую Канстытуцыю. Мы можам рабіць толькі пераходныя дакументы. Новую Канстытуцыю можа прымаць толькі рэферэндум або Устаноўчы сход. У гэтым пазіцыя таксама Расейскага канстытуцыйнага клуба, куды ўваходзяць вядучыя канстытуцыяналісты Расеі, каля 150 навукоўцаў. Мадэль стварылі яны – яшчэ да ўнясення паправак у 2020 годзе – пра тое, што Канстытуцыя 1993 года не вычарпала свайго дэмакратычнага патэнцыялу з пункту гледжання 1, 2, 9 главаў, але ў ёй першапачаткова закладзеная энная колькасць дэфектаў.

За аснову мы бяром гэтую Канстытуцыю і пачынаем яе выпраўляць, зыходзячы з вопыту мінулых 30 гадоў. Тут і адсылачныя нормы: збірацца можна мірна і без зброі, а астатняе рэгулюецца законам – гэта павінна быць прапісана больш жорстка, каб ні адзін закон не змог падмяніць сэнс. Мы дамовіліся, што чысцім гэтую Канстытуцыю ад усяго, што нанеслі за амаль 30 гадоў, мы ўносім у яе новыя главы, якіх не было. Напрыклад, узаемаадносіны грамадства і дзяржавы – гэта кантроль за дзяржавай і усімі яе інстытутамі.

– Такое ёсць у канстытуцыях іншых краінаў?

– Ну чаму ж не. Не памятаю, ці ёсць гэта ў Канстытуцыі Канады, але яна даволі тоўстая. Калі не ўсталяваць гэтыя прынцыпы, атрымліваецца, што няма грамадзянскіх інстытутаў, упаўнаважаных, якія маюць права кантраляваць дзяржаву. У нас была створаная Грамадская палата, якой няма ў Канстытуцыі, але потым яе фальсіфікавалі праз узгадненне кандыдатур у адміністрацыі прэзідэнта. Павінны быць такія інстытуты – назіранне на выбарах, антыкарупцыйныя структуры. Павінна быць і асобная глава або падглава пра СМІ, вядома! Гэта калі не пятая ўлада, то наймагутны інструмент грамадзянскага кантролю за дзяржавай.

Зразумела, будуць перафарматаваныя (мы пакуль не разумеем, як менавіта) федэралізм і рэгіянальная палітыка, размежаванне паўнамоцтваў. Мы не бярэм на сябе смеласць сцвярджаць, што будзе, але хочам выслухаць эканомгеографаў і палітычных географаў, якія нам скажуць, як яны бачаць гэтую праблему.

Рэпартаж

Украіна перш за ўсё, а апазіцыя не вінаватая: як прайшоў расейскі антываенны форум у Вільні

2022.12.04 21:18

– Вы маеце на ўвазе межы Расеі?

– Не, федэратыўны лад. Мы не ведаем наконт межаў. Мы дапускаем і варыянт, калі краіна разарваная на пяць-шэсць частак. Мы павінны прадугледзець і як у наяўных межах будуць адбывацца зносіны цэнтру з рэгіёнамі. Сёння Расея – абсалютна ўнітарная дзяржава з усімі паўнамоцтвамі і бюджэтным размеркаваннем на карысць цэнтру; гэтага быць не павінна.

Зараз мы будзем перапісваць галіны ўлады, размяжоўваць паўнамоцтвы паміж імі – мяняць тое, што ў 1993 годзе ўнесла адміністрацыя прэзыдэнта. Хутчэй за ўсё, будзе парламенцкая рэспубліка.

– Нават не парламенцка-прэзідэнцкая?

– Хутчэй не. Напэўна, з інстытутам прэзідэнта – як у Нямеччыне, Латвіі. У Швейцарыі калегіяльны прэзідэнт. У Расеі парламенцкай будзе вельмі цяжка, таму што краіна вельмі вялікая, а якой будзе другая палата – абірацца або прызначацца рэгіёнамі (як Бундэсрат), ці будуць яны на пастаяннай аснове або на добраахвотных пачатках часова – па вузкім коле пытанняў… Гэта пакуль абмяркоўваецца.

Дэлегаты з’езда [народных дэпутатаў у Яблонне] блытаюцца ў тэрмінах, але ўзялі ў рукі кнігі, што для мяне прыемна – там і кніга Хадаркоўскага, і артыкул Навальнага, і іншыя.

– Гэта значыць сканцэнтраваныя толькі на будучай Канстытуцыі?

– Зрабіць Канстытуцыю недастаткова. Мы будзем рыхтаваць муніцыпальную рэформу, таму што гэта другая паўнаважкая частка, якая павінна быць створаная ў Расеі, а ў нас яе не было наогул. Роля мясцовага самакіравання павінна быць вельмі значнай. Разам з адмыслоўвамі паволі чысцім закон аб мясцовым самакіраванні і фармулюем палажэнні Канстытуцыі. З гэтых двух канцоў мы прыйдзем да сярэдзіны, дзе будзем узважваць на тонкіх вагах, літаральна аптэчных, гэтыя паўнамоцтвы.

Яшчэ адна вельмі цяжкая рэч – судовая рэформа. Яна не была даведзеная да канца ў Расеі, хоць прынцыпы былі закладзеныя. З выбарчай сістэмай нібыта зразумела, як і з правядзеннем выбараў у пераходны парламент. І, вядома, стаіць пытанне аб трыбуналах і пераходным правасуддзі, тут яшчэ конь не валяўся. Ёсць вопыт міжнародны, хочам паслухаць спецыялістаў постсацыялістычных краінаў – на якія граблі яны наступілі, якія ёсць праблемы. Ёсць зусім радыкальныя думкі аб тым, якая група павінна падпадаць пад люстрацыю. Калі я кажу аб мінімальнай – ФСБ і партыя «Адзіная Расея», то ёсць людзі, якія заклікаюць люстраваць усіх былых піянераў і акцябрат.

– Сур’ёзна?

– Так! (смяецца)

– Але гэта ж амаль усю краіну трэба люстраваць.

– Усю краіну, так. Такая прапанова. Добра, што яны (распрацоўшчыкі дакументаў – Рэд.) слухаюць экспертаў, хоць не заўсёды з першага разу. Думаю, навучымся. Хаця б нейкі працэс.

– Фінальная кропка пакуль не вызначана?

– Ну што вы, гэта вялікая праца. Мы разумеем, што ўсё ў Расеі можа абрынуцца ў адзін момант, таму стараемся зрабіць гэтыя асноўныя рэперныя кропкі. Мясцовае самакіраванне нам дужа трэба, асновы канстытуцыйнага ладу і выбары таксама. Колькі ў нас на гэта часу, мы не ведаем. Але людзі працуюць кожны дзень, улучна з выхаднымі. Лічу, гэта вельмі выдатна.

Інтэрв’ю

Каспараў: «Ад таго, куды пойдзе Расея, залежыць будучыня XXI стагоддзя»

2022.12.04 21:38

– Вы сказалі на канферэнцыі, што запрашаеце іншых удзельнічаць у гэтай працы…

– Разумееце, у чым справа. Ёсць энная колькасць апазіцыйных пляцовак за межамі краіны, кожная з іх нешта распрацоўвае – але гэта неканструктыўна, давайце распрацоўваць у адным месцы! Гэта не будзе з’езд – там адна задача, у Гары Кімавіча іншая. Ёсць лабараторыя экспертаў, давайце ўсе злучым разам, каб потым не ўчыняць бойку меркаванняў падчас форткі магчымасцяў, бо яна можа быць вельмі кароткай.

– Хтосьці ўжо адгукнуўся?

– Мы яшчэ і не моцна заяўляліся. Фактычна гэта першая прапанова пасля з’езду. Працаваць над дакументамі трэба, прапановы могуць быць розныя і вельмі цікавыя.

– Чаму на базе Свабоднага ўніверсітэту?

Бо ён не палітычны.

– Ці не прасцей сабраць экспертную групу?

– Чыю? Якой-небудзь з групаў?

– Сумесна сфармаваную.

– Ды гэта ж будзе бойка. А тут незалежная лабараторыя, акадэмічная. Прыходзьце, будзем працаваць на гэтай пляцоўцы, прыносьце свае праекты. Па-мойму, гэта выйсце.

Алена Лук’янава на Трэцяй антываеннай канферэнцыі. 1 снежня 2022 года. Вільня, Літва. Фота: Белсат

– Ці разглядаліся ўжо праекты дакументаў датычна Саюзу Расеі і Беларусі, адносінаў з іншымі краінамі?

– Не, таму што задача ў нас іншая – зрабіць мадэль той Расеі, якая будзе бяспечная для суседзяў. Дэмакратычныя краіны адны з аднымі не ваююць.

– Якой вы бачыце сваю ўласную ролю ў гэтай будучай Расеі?

– Я эксперт, трэнерскі склад. Амбіцый у мяне няма наогул, у Дзярждуму я не пайду. Усё, чым я ім магу дапамагчы (і тое, калі вельмі моцна будуць угаворваць) – на два гады пайду старшынёй ЦВК. Але наогул не хачу. Лепш я буду кніжкі пісаць. І вучыць.

Іван Аляксееў / ААbelsat.eu

The post «Зрабіць Канстытуцыю недастаткова». Як рыхтуюць дакументы для Расеі пасля Пуціна appeared first on belsat.eu.


#Беларусь